Выракі шостай партыі абвінавачаных у беспарадках у Брэсце: ад 3 да 4 гадоў зняволення

20 жніўня ў Маскоўскім судзе Брэста агучылі прысуд шостай групе абвінавачаных ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» пасля выбараў, піша «Радыё Свабода».

b0d6a44a_f496_4267_bd18_c2285703e304_cx0_cy14_cw89_w1597_n_r1_st.jpg

Суддзя Іна Клышпач прызнала ўсіх падсудных вінаватымі і вынесла наступныя выракі:
Артуру Аміраву — 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі; Андрэю Кандрасюку — 4 гады пазбаўлення волі; Уладзіміру Кобрынцу — 4 гады пазбаўлення волі; Мікалаю Малюту — 3 гады пазбаўлення волі​; Раману Паўленку — 3 гады пазбаўлення волі​; Вадзіму Чапялевічу — 3 гады пазбаўлення волі.
17 жніўня такія ж самыя тэрміны для абвінавачаных запрасілі прадстаўнікі дзяржаўнага абвінавачання Дар'я Жук і Вадзім Багатка.
Гэта шостая па ліку партыя абвінавачаных. У рамках крымінальнай справы ўжо асуджаныя 30 чалавек, уключна з непаўналетнімі. Пакаралі фігурантаў з першай, другой і чацвёртай груп (трэцюю і пятую яшчэ судзяць): падлеткам — па 3 гады выхаваўчай калоніі, дарослым — да 5 гадоў турмы.
Абвінавачанне сцвярджае, што падсудныя 10 жніўня 2020 года падчас масавага мерапрыемства ў цэнтры Брэста — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспекце Машэрава — нібыта груба парушылі грамадскі парадак, рабілі пагромы і чынілі гвалт над супрацоўнікамі праваахоўных органаў, наўмысна пашкодзілі транспартныя сродкі ды іншую маёмасць.
У выніку беспарадкаў, паводле версіі следства, пацярпелі больш за 20 сілавікоў. Агульную суму нанесенай шкоды дзяржорганы ацанілі на 24 тысячы рублёў (пашкоджана 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шаломы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, сметніцы, дрэвы).

Каго ўжо пакаралі

10 сакавіка суддзя Вера Філонік асудзіла дзевяцярых чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 гадоў калоніі. Непаўналетнія Сяргей Гацкевіч і Дзяніс Хазей атрымалі па 3 гады выхаваўчай калоніі.
21 траўня суддзя Андрэй Грушко прысудзіў яшчэ 13 фігурантам ад 3 гадоў выхаваўчай калоніі да 5 гадоў турмы. Сярод абвінавачаных была і дзяўчына асуджанага Дзяніса Хазея 18-гадовая Віталія Бандарэнка. Яе пакаралі 4 гадамі калоніі агульнага рэжыму.
28 траўня пачаўся суд над трэцяй групай абвінавачаных. 12 жніўня суддзя Святаслаў Каліна прысудзіў 10 фігурантам справы, сярод якіх быў непаўналетні Максім Шатохін, ад 3 да 4,5 гадоў пазбаўлення волі.
Чацвёртую групу пакаралі 12 ліпеня. Суддзя Ленінскага раёна Дзмітрый Шурын прысудзіў 8 абвінавачаным да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суд над пятай групай фігурантаў (19 чалавек) праходзіць з 9 жніўня. Праваабарончы цэнтр «Вясна», спасылаючыся на сваякоў падсудных, паведаміў, што ў гэтай групе судзяць таксама хлопцаў з папярэдніх партый, справы якіх раней вылучылі ў асобнае вядзенне з прычыны іх хвароб.
У рамках крымінальнай справы аб «масавых беспарадках» у Брэсце на гэты момант агулам асудзілі ўжо 46 чалавек.