Вызначаны фіналісты праекта velcom YOUTH
Падведзены вынікі трэцяга этапу сацыяльна-адукацыйнага праекта для вучняў 10-х і 11-х класаў velcom YOUTH. Старшакласнікам прапанавалі рэалізаваць свае ідэі ў сферы тэхналогій, культуры або інклюзіі і зняць пра гэта відэаролік. Журы праглядзела амаль 100 праектаў ад школьнікаў з усёй Беларусі. У фінал прайшлі 10 удзельнікаў.
Лідарамі па колькасці дасланых на конкурс работ сталі Магiлёўскi дзяржаўны абласны лiцэй №2 (5 праектаў) і Ліцэй БДУ (4 праекты). Цікава, што амаль палова рэалізаваных ідэй – праекты ў сферы культуры.
Старшакласнікі распрацоўвалі сапраўдны інтэрактыўны гід для турыстаў, праводзілі ў школе тыдзень беларускай мовы, арганізоўвалі фестываль роднай культуры, працавалі над турыстычнай інфраструктурай, распрацоўвалі брэнд свайго горада, стваралі рашэнне для павышэння гарадской мабільнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі і гэтак далей.
«Мы ўсцешаны і вялікай колькасцю пададзеных на конкурс праектаў, і сапраўды добрай якасцю і глыбінёй прапрацоўкі рэалізаваных ідэй. Добра, што беларускія старшакласнікі мараць змяняць свет вакол сябе да лепшага і гатовыя зрабіць, што ў іх сілах, для таго, каб гэтыя змены паскорыліся. Журы было ўражана маштабнасцю рэалізаваных старшакласнікамі праектаў, а таксама глыбінёй іх уплыву на вырашэнне значных грамадскіх праблем», – адзначыў Мікалай Брэдзелеў, кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom – ініцыятара конкурсу.
Прафесійнаму журы неабходна было праглядзець дасланыя працы ўдзельнікаў і ацаніць іх па наступных крытэрыях: адпаведнасць праекта абранай тэме, практычная рэалізацыя ідэі, арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння праблемы, маштаб рэалізацыі і ўцягнутасць мэтавай аўдыторыі, адлюстраванне сутнасці праекта ў знятым відэароліку.
У журы трэцяга этапу рэспубліканскага конкурсу ўвайшлі эксперты ў сферах культуры, тэхналогій і інклюзіі, майстры публічных выступленняў, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і арганізацыйнага камітэта праекта. Праекты ўдзельнікаў ацэньвалі:
Мікалай Брэдзелеў, кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom;Іна Карней, ліцэнзіят міжнароднай адукацыйнай праграмы TEDx у Рэспубліцы Беларусь, арганізатар канферэнцыі TEDxMinsk;Ірына Кісялёва, мастацкі кіраўнік Сямейнага інклюзіў-тэатра «i»;Раман Падаляка, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы;Кацярына Прэткель, HR-дырэктар кампаніі EPAM;Вера Сліж, кіраўнік аддзела рэалізацыі міжнародных праектаў Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь;Дзмітрый Смірноў, спікінг-коуч канферэнцыі TEDxMinsk, кіраўнік школы прамоўніцкага майстэрства, бізнес-трэнер, генеральны прадзюсар Радыё Бі-Эй, радыёвядучы.
Па выніках працы журы ў фінальны (чацвёрты) этап конкурсу прайшлі:
Мікіта Абрамчук, вучань ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Вілейкі», 10 клас;Крысціна Байко, вучаніца ДУА «Гімназія №16 г. Мінска», 11 клас;Ілля Баркоўскі, вучань ДУА «Сярэдняя школа №33 г. Гомеля», 11 клас;Сяргей Берлін, вучань ДУА «Ліцэй №1 імя А.С. Пушкіна г. Брэста», 11 клас;Паліна Мураева, вучаніца ДУА «Сярэдняя школа №10 г. Мінска», 10 клас;Цімафей Стамброўскі, вучань ДУА «Сярэдняя школа №11 г. Слуцка», 10 клас;Юлія Стэфняк, вучаніца філіяла УА БДУІР «Мінскі радыётэхнічны каледж», 10 клас;Максім Хамета, вучань ДУА «Гімназія №33 г. Мінска», 11 клас;Артур Царыковiч, вучань ДУА «Средняя школа №11 г. Слуцка», 10 клас;Анастасія Шор, вучаніца ДУА «Гімназія №1 г. Жодзіна», 10 клас.
Аўтары 10 лепшых праектаў атрымаюць гасцявое запрашэнне наведаць штогадовую канферэнцыю TEDxMinsk, якая пройдзе 30 сакавіка. Пасля гэтага фіналісты атрымаюць ментарскую дапамогу ў рэалізацыі сваёй ідэі і падрыхтоўцы публічнага выступу. Фіналісты павінны будуць публічна выступіць у фармаце TED са сваім праектам на адмысловай маштабнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk. Яна адбудзецца 18 мая ў Мінску і збярэ сотні слухачоў і ўдзельнікаў з усіх куткоў Беларусі. Кожны з фіналістаў павінен будзе падрыхтаваць якасную прамову аб сваім праекце працягласцю да 10 хвілін.
Усе ўдзельнікі чацвёртага этапу пасля свайго выніковага выступлення на TEDxYouth@Minsk атрымаюць iPhoneXs, а аўтары трох лепшых праектаў па выніках канферэнцыі стануць пераможцамі конкурсу velcom YOUTH і атрымаюць запрашэнне на TEDx у Аўстрыю.
Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH ладзіцца кампаніяй velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Удзельнікамі конкурсу сталі больш за 850 чалавек з больш чым 230 навучальных устаноў краіны. У межах праекта старшакласнікі маюць магчымасць прыдумаць і рэалізаваць уласную ідэю па адным з трох кірункаў: культура, тэхналогіі або інклюзія. Конкурс накіраваны на творчае і асобаснае развіццё навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў Беларусі і дапамогу ў развіцці іх ініцыятыў. Адметнай асаблівасцю праекта з'яўляецца тое, што ўся камунікацыя ад падачы заявак да выніковага выступлення вядзецца на беларускай мове. Больш падрабязна аб праекце можна даведацца на сайце конкурсу.