З параненай падчас пратэстаў 2020 года журналісткі хочуць спаганяюць грошы за бальнічны

З журналісткі Наталлі Лубнеўскай «Белдзяржстрах» хоча атрымаць назад грошы, якія заплацілі за бальнічны.

tkt_pressa_021_1.jpg

У Наталлю Лубнеўскую, калі яна як журналістка працавала на акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года, стрэліў сілавік. На Наталлі тады была камізэлька з надпісам “прэса” і журналісцкі бэйджык. Сілавік страляў у яе з невялікай адлегласці. Куля трапіла Наталлі ў нагу. Дзяўчына была ў лякарні больш за месяц.

Аднак цяпер Белдзяржстрах хоча спагнаць з Наталлі грошы, якія ёй заплацілі за бальнічны. Пра гэта яна расказала на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

«З мяне хочуць спагнаць грошы за бальнічны — той самы, які я правяла пасля таго, як нейкі баец стрэліў мне ў нагу.

Патлумачу.

Сродкі на аплату бальнічнага работніку звычайна выдаткоўвае Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. У маім кейсе, калі гэта няшчасны выпадак на вытворчасці, бальнічны аплочвае Белдзяржстрах.

Каб закрыць справаздачу, ім патрэбны дакумент пра тое, што справа закрытая (з любым вынікам). Следчы камітэт перыядычна дасылаў адказ, што праверка працягваецца — крымінальная справа па факце ранення так і не была заведзена. Апошнія месяцы патрэбнага ліста ад яго не было. Праверка так і не скончана. Таму Белдзяржстрах, не атрымаўшы патрэбныя ім дакументы, пагражае спагнаць грошы з мяне», — напісала Наталля Лубнеўская.