За каментар у бок дзевяці супрацоўніц АМАП мінчуку прысудзілі два гады «хіміі»

20 студзеня 2022 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў 28-гадовага Максіма Галко вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Яго асудзілі да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ – «хіміі», перадаюць праваабаронцы. Справу разгледзеў суддзя Андрэй Млечка.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Яго прызналі вінаватым у тым, што 18 сакавіка 2021 года ён абразіў дзевяцерых супрацоўніц АМАП. Згодна з тэкстам абвінавачання, ён хацеў “прычыніць шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады, яе прадстаўнікам, гонару і годнасці іх асобы”: выклаў пад публікацыяй каментар у непрыстойнай форме. Згодна з экспертызай, па змесце ён быў абразлівым і ўтрымліваў ненарматыўную форму маўленчага выказвання. У МУС паведамлялі, што Галко "выявіў у дэструктыўным Telegram-канале фатаграфію дзяўчат у форме і напісаў пад ёй фразу, якая прыніжае іх гонар і годнасць". Таксама праваахоўнікі паведамлялі, што паводле слоў абвінавачанага, ён пакінуў абразлівы каментар пад інфармацыйным уздзеяннем інтэрнэт-крыніц пратэснага характару.
Акрамя двух гадоў “хіміі”, Млечка прысудзіў канфіскаваць у яго мабільны тэлефон. Таксама суд задаволіў пазовы васьмі пацярпелых супрацоўніц АМАП аб кампенсацыі маральнай шкоды. Максім Галко мусіць выплаціць на карысць кожнай пацярпелай па 500 рублёў – усяго 4000 рублёў.
Вядома, што Максіма затрымлівалі 23 верасня 2021 года. Ён працаваў на аўтамыйцы.