За паўгода ў Беларусі закрыліся 82 СМІ
У Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 1833 сродкі масавай інфармацыі. Паўгода таму іх было 1915.
На 1 траўня бягучага года ў Міністэрстве інфармацыі зарэгістраваны 1562 друкаваныя выданні (газеты, часопісы, бюлетэні, каталогі, альманахі), 227 электронных СМІ (тэле- і радыёпраграмы), 7 інфармацыйных агенцтваў, 37 сеткавых выданняў, піша "Эканамічная газета".
Для параўнання: на 1 лістапада 2021 года ў краіне было 1608 друкаваных і 261 тэлерадыёвяшчальны сродак масавай інфармацыі, 9 інфармацыйных агенцтваў і 37 вэб-сайтаў, якія выконваюць функцыі СМІ.
Атрымліваецца, у краіне толькі за апошнія паўгода спынілі сваё існаванне 82 сродкі масавай інфармацыі. Адзначым, што большасць з іх (60) недзяржаўныя.
У той жа час недзяржаўных СМІ, зарэгістраваных Мінінфармам, усё яшчэ ў два разы больш, чым дзяржаўных. Дзяржаўных выданняў і праграм на 1 лістапада 2021 года было 640, а на 1 траўня бягучага года — 574.
Калі параўнаць статыстыку з 2020 годам, то акажацца, што за два гады агульная колькасць друкаваных СМІ скарацілася на 3,87%, электронных — на 13,35%.
Паводле thinktanks.by