За суткі ў Беларусі 1799 новых выпадкаў COVID-19
За суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 1799 пацыентаў з COVID-19, выпісаныя — 2014 пацыентаў, паведамляе Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале. Каля 13,5% выкананых тэстаў — станоўчыя.
З пачатку пандэміі, у Беларусі былі зарэгістраваныя 261859 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі 250078 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19, перадае TUT.BY.
У актыўнай фазе COVID-19 — 9970 пацыентаў.
За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 1811 пацыентаў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй. Дзесяць — за апошнія суткі.
За мінулыя суткі выканана 13288 тэстаў (каля 13,5% тэстаў станоўчыя). Усяго ў краіне праведзена 4 607 072 тэсты.
Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч 3 лютага распавёў, што сітуацыя з COVID-19 у Беларусі стабілізавалася. Раней прэс-служба Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што бальніцы краіны паступова вяртаюцца да звыклага рэжыму працы, бо маштабы распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі памяншаюцца.