БАЗА занепакоенае з нагоды вандалізму над помнікам Касцюшку ў Вашынгтоне

Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне выказвае сваю занепакоенасць і смутак у сувязі з актамі вандалізму, учыненымі над помнікам Тадэвушу Касцюшку і над Помнікам ахвярам камунізму ў Вашынгтоне.

tadeusz_kosciuszko.jpg

Тадэвуш Касцюшка — ураджэнец Беларусі, нацыянальны герой Беларусі, Злучаных Штатаў і Польшчы, які змагаўся за свабоду і дэмакратыю, як у сябе на радзіме, так і ў Злучаных Штатах. Ён прыехаў у Амерыку, каб браць удзел у Вайне за Незалежнасць, быў дэмакратам і патрыётам па сваіх поглядах, лічыў галоўным правам кожнага народу мець сваю незалежную дзяржаву.
Будучы прафесійным вайскоўцам, удзельнічаў у важнейшых вайсковых аперацыях гэтай вайны, быў аўтарам праектаў абаронных умацаванняў у Вэст Пойнце, дзякуючы якім была атрымана перамога над англічанамі. Касцюшку было прысвоена званне генерала і ён быў узнагароджаны Ордэнам Цынцыната. Мэмарыяльны музей Касцюшкі існуе ў Філадэльфіі.
Тадэвуш Касцюшка быў праціўнікам рабства і расізму, ў сваім тэстаменце ён завяшчаў свае грошы на выкуп чорных рабоў і адукацыю чорных амерыканцаў. На гэтыя сродкі была адчынена і дзейнічала школа для дзяцей афра-амерыканцаў у Нью Джэрсі.
Як і многія амерыканцы, мы заклапочаныя праблемай расавай дыскрымінацыі, якой прысвечаныя сёлетнія масавыя пратэсты ў розных кутках ЗША. Пры гэтым мы адзначаем, што пашкоджанне помнікаў Тадэвушу Касьцюшку цалкам супярэчыць мэтам і ідэям, за якія выступае большасць пратэстоўцаў. Гэтак жа сама супярэчыць мэтам пратэстаў пашкоджанне Помніка ахвярам камунізму — злачыннай бесчалавечнай таталітарнай ідэалогіі, якая стала прычынай гібелі мільёнаў людзей і якая з'яўляецца такой сама непрымальнай для сучаснага свету, як любая форма расізму.
Гэта якраз тыя месцы, куды варта было б ускладаць кветкі пад час такіх пратэстаў, як і да помнікаў усіх іншых змагароў супраць расізму. Мы спадзяемся, што абодва гэтыя помнікі будуць у бліжэйшы час прыведзены ў належны стан.