Замест вызвалення з ізалятара праваслаўнаму святару з Гомеля зноў далі суткі
28 верасня пасля 10-дзённага арышту мусіў выйсці на волю праваслаўны святар Уладзімір Драбышэўскі. Але гэтага не адбылося.
Як паведаміў тэлеграм-канал «Гомель пераменаў», учора на святара склалі новы пратакол — за ўдзел у мірнай акцыі 6 верасня.
Сёння, 28 верасня, Уладзіміра Драбышэўскага зноў судзілі ў судзе Савецкага раёна. У пратаколе пазначана, што мужчына ў 14.42 6 верасня знаходзіўся на Савецкай, 12, дзе і прымаў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Уладзімір Драбышэўскі адмаўляе гэта. Паводле яго словаў, пратакол складалі без яго прысутнасці.
Святару далі 15 сутак.
Нагадаем, 18 верасня Уладзіміра Драбышэўскага выклікалі ў РАУС Савецкага раёна для «апытання ў якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс». Пасля гэтага яго адвезлі ў суд, дзе мужчыну далі 10 сутак.
gomel.today