«Запасу плазмы няма — усё ідзе на лячэнне». Галоўны трансфузіёлаг пра тое, як шукаюць донараў для хворых на COVID-19
У сацыяльных сетках усё часцей з’яўляюцца допісы сваякоў і сяброў, якія шукаюць донараў плазмы для блізкіх з каранавірусам. Вопыт пералівання плазмы з антыцеламі ў Еўропе, Кітаі і ЗША паказвае, што гэта тэрапія мае эфект: яна змяншае працягласць і цяжкасць хваробы.
Дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка расказаў «Нашай Ніве», як шукаюць патэнцыйных донараў, колькі іх ужо ў базе і чаму не ва ўсіх, хто перахварэў на каранавірус, знаходзяць антыцелы ў крыві.
«Наша Ніва»: Як праходзіць працэс апавяшчэння донараў? Вы ўручную абзвоньваеце ці рассылаюцца паведамленні аўтаматычна?
Фёдар Карпенка: Першае — тыдні два таму мы распрацавалі інфармацыю для ўсіх, хто выпісваецца. У арганізацыях аховы здароўя людзям паведамляюць, што ёсць магчымасць здаць плазму.
Другое — мы атрымліваем усе спісы пацыентаў, якія выпісваюцца. Стараемся адразу вызначыць, хто нам пасуе па ўзросце, па цяжкасці захворвання, і абзвоньваем, каго магчыма. Ёсць асобная група медыцынскіх работнікаў, якія гэтым займаюцца.
І трэцяе, што мы зрабілі, — адкрылі электронны запіс на нашым сайце blood.by. Ужо каля 20 чалавек такім чынам дадаткова запісалася. У анкеце патэнцыйны донар указвае сваё імя і прозвішча, куды і калі быў шпіталізаваны, калі выздаравеў, дзе замацаваны да медыцынскага абслугоўвання і г.д. Максімум на працягу дзвюх гадзін пасля атрымання гэтых даных стараемся звязацца з людзьмі.
Таксама ўвялі дадатковы тэлефон для донараў імуннай плазмы антыковід, дзе ўсталяваны ўсе мэсэнджары, — (29) 175 60 94. Працуем у кругласутачным рэжыме.
«Наша Ніва»: Допісы ў сацыяльных сетках даюць эфект?
ФК: Я лічу, што не даюць. Не было такога, каб донары праз сацыяльныя сеткі прыйшлі. Але ў плане прыцягнення ўвагі патэнцыйных донараў мы абсалютна не супраць. Так, мы маем патрэбу ў плазме і гэтых людзях.
«НН»: Па дадзеных Мінздароўя, больш за 3 тысячы пацыентаў выздаравела і выпісана з бальніц. Колькі з іх патрапіла ў базу патэнцыйных донараў?
ФК: Толькі наш цэнтр больш за 200 чалавек ахапіў. Дадактова ўключыўся гарадскі цэнтр трансфузіялогіі Мінска, учора была нарыхтоўка плазмы ў Гродне, у Брэсце, Віцебску. У нас няма поўнай базы па рэгіёнах, але думаю, чалавек 500 дакладна абзвоньвалі.
Паверце, донарам стаць не так проста. 15 дзён як мінімум павінна прайсці з моманту выпіскі. Цяжкасць захворвання нам важная, як чалавек яго перанёс. Папярэдне мы бяром аналізы — агульны аналіз крыві, біяхімію, тэст на антыцелы, маркёры інфекцый.
«НН»: Ці ва ўсіх, хто перахварэў, знаходзяць антыцелы?
ФК: У працэнтаў 80-90 на тых тэст-сістэмах, на якіх мы працуем.
«НН»: Астатнія 10-20% — чаму не?
ФК: Можа, там больш нізкі цітр (колькасць) антыцел, бо ў кожнага свой парог адчувальнасці. У кагосьці ў лёгкай форме працякала хвароба, цалкам верагодна, што антыцелы не выпрацаваліся. Калі на ўзроўні слізістых, напрыклад, справіўся арганізм, у кроў не было пранікнення вірусу, то антыцел можа не быць. Шэраг публікацый за мяжой і Сусветная арганізацыя аховы здароўя на гэта ўказваюць.
«НН»: Колькі разоў можна здаць плазму?
ФК: Раз на два тыдні, колькасць разоў не абмежаваная.
«НН»: А ці можна здаць плазму для канкрэтнага чалавека?
ФК: Юрыдычна нельга, дый мы супраць такога. Чаму? Бо тут можа быць схаваны элемент карупцыі ў тым ліку. Ёсць спісы пацыентаў, каму плазма патрэбна, якія фарміруюцца па заяўках органаў аховы здароўя — мы нікому не адмаўляем.
«НН»: Як хутка вы рэагуеце на запыты з бальніц?
ФК: Многае залежыць ад таго, ці ёсць плазма і якой групы крыві. На сёння больш за 40 чалавек ужо здала яе, але пакуль патрэба яшчэ большая. Таму можа быць, што на працягу гадзіны плазма аддаецца ў бальніцу, а часам даводзіцца чакаць два-тры дні.
Мы зацікаўлены ва ўсіх групах крыві. На сёння запасу плазмы, пяці- ці сямідзённага, няма — яна адразу ідзе на лячэнне.
«НН»: Плазма выкарыстоўваецца для пацыентаў той мясцовасці, дзе яе сабралі?
ФК: У нас магчымы міжрэгіянальны абмен кампанентамі крыві. Таму плазму, якую мы нарыхтоўвалі, была выкарыстана і ў Лідзе, і ў Стоўбцах, і ў Гродне, і ў Віцебску. Канечне, калі плазма была нарыхтавана, напрыклад, у Брэсце, то прыярытэтна яна пойдзе рэцыпіентам у Брэсце.
«НН»: Вы планавалі пачаць тэсціраваць на антыцелы патэнцыйных донараў, тых хто па сімптомах перахварэў на каранавірус, але тэст яму не рабілі. Ці пачалі?
ФК: Пакуль мы гэта не зрабілі. Чакаем паступлення вялікай колькасці тэстаў у канцы гэтага — пачатку наступнага тыдня. Тады плануем масавага запусціць тэсціраванне не толькі тых, у каго быў юрыдычна пацверджаны каранавірус, але і тых, хто лічыць, што перахварэў, — у першую чаргу сярод нашых пастаянных донараў.
Тэсты будуць бясплатныя — але для тых, хто гатовы стаць донарам, а не проста хоча праверыць, ці ёсць антыцелы.
Паводле Нашай Нівы