Затрымалі экс-супрацоўніка Мінфіну, які звольніўся на знак пратэсту, ён у Жодзіна
Міліцыя затрымала Дзяніса Каляду, былога кансультанта юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Беларусі, які спачатку абвясціў страйк, а потым сышоў з пасады на знак пратэсту супраць гвалту ў краіне пасля выбараў, перадае Свабода.
Днём 13 верасня ў Мінску яго і жонку спынілі міліцыянты. Дзяніс і Таццяна гулялі ўдалечыні ад шэсцяў, але з бел-чырвона-белымі сцягамі на плячах. Ім сказалі, што яны ўдзельнічаюць у несанкцыянаваным мітынгу.
«Мы яго што, самі й стварылі, удвох? — выказала непаразуменне Таццяна ў інтэрв'ю Свабодзе. — Бо побач не было ня толькі людзей з плакатамі ці сцягамі — наагул нікога не было».
Іх запхнулі ў аўтобус і адвезлі ў Ленінскае РУУС Менску. Жонку ўвечары адпусцілі, бо ў хаце засталося непаўналетняе дзіця, а Дзяніса павезлі ў турму нумар 8 горада Жодзіна.
Хто такі Дзяніс Каляда
Дзяніс Каляда працаваў кансультантам юрыдычнага ўпраўлення ў Міністэрстве фінансаў 8 гадоў. 17 жніўня ён падаў заяву кіраўніцтву аб далучэнні да страйку. 18 жніўня Дзяніса звольнілі з ведамства.
«Я адмовіўся ў любым выпадку працягваць працу. Калі беларускія ўлады дазваляюць сабе не выконваць законы, то і я магу лічыць сябе свабодным ад выканання абавязкаў перад гэтай уладай», — сказаў раней Дзяніс у інтэрв'ю «Нашай Ніве».
Як затрымлівалі 13 верасня
Таццяна Каляда расказала Свабодзе акалічнасці здарэння 13 верасня:
«Мы гулялі з мужам удалечыні ад усіх шэсцяў, са сцягамі на плячах. У 14:50 мы ішлі па вуліцы Свярдлова каля скрыжавання з Першамайскай. Побач спыніліся два мікрааўтобусы, выскачылі хлопцы ў чорным адзенні і масках, без апазнавальных знакаў, прапанавалі «падвезці да РУУС». Мы адмовіліся. Тады яны сказалі, што ў нас забароненая сімволіка. Чаму забароненая, кім — сказалі, што іхным кіраўніцтвам, і не змаглі растлумачыць, якім. Яшчэ сказалі, што мы ўдзельнічаем у несанкцыянаваным мітынгу».
Як заўважыла Таццяна, у пратаколах быў пазначаны нейкі Шыманоўскі, ягоныя паказанні для розных людзей былі як пад капірку, усе «махалі сцягамі, крычалі «Жыве Беларусь!» І нібыта ён асабіста затрымліваў і на Свярдлова, і на Кастрычніцкай, і ў іншых месцах.
Таццяна кажа, што яна пратакол не падпісала. Яе і іншых жанчын, якія мелі малых дзяцей, адпусцілі.
«Нам аддавалі рэчы і выпускалі па трое, мяне выпусьцілі ў 21:40, — кажа Таццяна. — Так адпусцілі 11 жанчын. Усяго ў Ленінскім РУУС было 50 затрыманых. 9 юнакоў, магчыма студэнтаў, павезлі ў турму на Акрэсціна, а астатніх мужчын рознага веку і адну дзяўчыну — у турму ў Жодзіна».
Дапамаглі валанцёры
Пад мурамі РУУС затрыманых чакалі валанцёры, Таццяна перадае ім велізарную ўдзячнасць:
«Нас адразу ўкрылі пледамі, прапанавалі ваду, гарбату, печыва. Мне трэба было хутчэй да дзіцяці — і мяне адвезлі дахаты. Увесь гэты час я добра трымалася, а ад гэткай салідарнасці незнаёмых людзей расчулілася. Вялізны ім дзякуй!»
Радыё Свабода