Затрыманага ноччу сына рэжысёра Фёдара Краснапёрава Данііла асудзілі на 15 сутак

Суд Цэнтральнага раёна Мінска сёння прысудзіў Данілу Краснапёраву 15 сутак арышту. Бацька Данілы — аператар і рэжысёр Фёдар Краснапёраў — на суд сына трапіў выпадкова.


Нагадаем, Данілу Краснапёрава затрымалі ў ноч з 16 на 17 верасня: у кватэру нібыта дзеля ператрусу прыйшлі дзесяць чалавек у цывільным. Ператрусу ў выніку не было, хлопцы затрымалі, падставай для гэтага стала нібыта яго «актыўнасць у сацыяльных сетках»: маўляў, лаяўся з работнікамі органаў.


Як распавёў бацька Данілы, на суд сына ён трапіў выпадкова: заехаў у суд Цэнтральнага раёна па шляху з Акрэсціна, дзе аддалі перадачу, і зайшоў не ў тыя дзверы. І раптам аказаўся акурат у пачатку пасяджэння.
Як высветлілася, Данілу судзілі па артыкуле 23.34 КаАП РБ. На судзе засакрэчаны сведка паказаў, што хлопец 16 жніўня ўдзельнічаў у несанкцыянаваным шэсці, выкрыкваў лозунгі, выкарыстоўваў недазволеную сімволіку. У выніку Данілу Краснапёрава прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Сам факт перакваліфікацыі справы з крымінальнай у адміністрацыйную выклікае ў Фёдара Краснапёрава, паводле яго слоў, здзіўленне і азадачанасць — з улікам таго, які рэсурс быў задзейнічаны дзеля затрымання Данііла — "але на фоне, усё ж, вялікай радасці".
Пра свайго сына спадар Фёдар кажа: "Я не думаў да гэтых выбараў, што ён палітычна актыўны. Але я нечакана ўбачыў наколькі ён і яго сябры былі моцна натхнёныя выбарамі, што яны галасуюць, яны маюць права, яны выбіраюць".
Варта адзначыць, што апошнім часам пашыраецца практыка, калі пры затрыманні вядзецца пра крымінальную справу, якая потым перакваліфікуецца ў адміністрацыйную. Напрыклад, так адбылося ў выпадку Валерыі Уласік, дачкі рэдактаркі TUT.BY Галіны Уласік.