Зяленскі, Ціханоўская і Аўсяннікава атрымаюць прэмію за свабоду СМІ

Узнагарода, заснаваная нямецкай WMG, у гэтым годзе прысвечаная барацьбе за свабоду ва Усходняй Еўропе. Яе ўладальнікамі стануць прэзідэнт Украіны, лідар беларускай апазіцыі і расійская журналістка.

dsc_9639_1.jpeg

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская і расійская журналістка Марына Аўсяннікава атрымаюць нямецкую "Прэмію СМІ за свабоду" ("Freiheitspreis der Medien"), паведамляе нямецкае радыё.

Сёлета ўзнагарода прысвечаная барацьбе за свабоду ва Усходняй Еўропе. Пра гэта паведаміла  медыягрупа Weimer Media Group (WMG). "Украінцы, беларусы і расіяне стаяць на перадавой барацьбы супраць зла, супраць вайны і тыраніі ва Усходняй Еўропе і мужна абараняюць сваю, а таксама нашу, свабоду. Словамі, справамі, вялікай адвагай і сваімі жыццямі", — гаворыцца ў абгрунтаванні журы.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 22 красавіка ў рамках арганізаванага WMG саміту памяці Людвіга Эрхарда ў камуне Гмунд-ам-Тэгернзэ ў федэральнай зямлі Баварыя. Яе, як чакаецца, правядзе старшыня фракцыі Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Манфрэд Вэбер (Manfred Weber).