Зміцер Дашкевіч назваў умовы ў ІЧУ генацыдам, начальнік РУУС ціснуў на суд. Вынік: 20 сутак

Сёння судзяць затрыманых у пятніцу ўдзельнікаў «Курапацкай варты». Напрыканцы дня чарга дайшла да Змітра Дашкевіча. Напачатку працэса Зміцер запатрабаваў адваката. «Ён бы проста так не прасіў», — напісала ў Фэйсбуку жонка Змітра Наста Дашкевіч.

Фота з фэйсбука Насты Дашкевіч

Фота з фэйсбука Насты Дашкевіч

Урэшце адвакат быў знойдзены.
Паводле Насты Дашкевіч, Зміцер заяўляе, што для палітычных у ІЧУ «стварылі паралельныя ўмовы: асобныя пад’ёмы, якія адрозніваюцца ад астатніх вязняў, праверкі ўночы (2разы за ноч шыхтуюцца — у 23 і 3 ночы), адсутнасць матрасаў, зняважлівае стаўленне і адсутнасць перадач».
«Прытым для вязняў, якія не па артыкулах "аб пікетах", умовы іншыя. Назваў гэта генацыдам, параўнаў з гета», — піша Наста Дашкевіч.
У самой Насты перадачу для мужа не ўзялі,бо ён не асуджаны, хоць раней бралі.
Зміцер Дашкевіч папрасіў перанесці суд, бо кепска сябе адчувае — не спіць некалькі дзён нармальна. Але суд адмовіў.
На пасяджэнні Зміцер расказаў пра сэнс Курапацкай варты і тое, што ён робіць. Акцэнтаваў увагу, што ён ніякім чынам не спыняе машыны і нікому нічога не навязвае. Калі едзе машына, ён падымае руку з буклетам аб Курапатах. Нехта спыняецца і бярэ буклет, а нехта едзе далей.
Затым на пасяджэнні сталі зачытваць матэрыялы справы.
«Новы начальнік Мінскага РУУС Голікаў напісаў ліст старшыні суда Мінскага р-на з просьбаю пакараць Змітра арыштам! Бо ён лічыць, што "штрафы неэфэктыўныя і такая катэгорыя грамадзян адчуваюць сябе беспакаранымі". Ён просіць даць арышт, каб іх выхоўвалі там і прыцягвалі да працы! А менавіта "пры адбыцці адміністрацыйнага арышту з боку ОУС будзе арганізаваны цэлы комплекс мераў прафілактычнага ўздзеяння!!! у тым ліку па прыцягненню да працы. 
Адвакат хадайнічае аб пераносе справы ў іншы суд, бо кіраўнік міліцыі цісне на суд, указваючы, які даць прысуд. Зміцер дзякуе адвакату, але заўляе, што не бачыць сэнсу, бо не верыць у справядлівасць любога суда ў цяперашняй Беларусі»,
— піша Наста.
Так і аказалася: Змітру Дашкевічу прысудзілі 20 сутак адміністрацыйнага арышту.

Нагадаем, Змітра Дашкевіча затрымалі ў пятніцу, 23 красавіка, падчас Курапацкай варты. Разам з ім былі затрыманыя Ганна Шапуцька (сёння яе асудзілі на 15 сутак арышту), Кірыл Лойка (атрымаў 5 сутак), Артур Белаблоцкі (суд перанесены на раніцу 27 красавіка) і непаўнагадовая Марыя Камарова (яе адпусцілі).