Знікла сувязь з палітвязнем Мікітам Емяльянавым
Блізкія палітвязня Мікіты Емяльянава паведамілі НЧ, што ўжо пэўны час не маюць з ім сувязі. Лісты не атрымліваюць ні сваякі, ні сябры.
Апошні ліст ад Мікіты быў датаваны 10 жніўня.
Таксама няма і званкоў ад яго. Згодна са строгім рэжымам, на якім знаходзіцца Мікіта, ён можа тэлефанаваць родным раз на месяц. Апошні званок ад яго быў 1 жніўня. Сям'я чакала, што Мікіта патэлефануе 31 жніўня ці 1 верасня.
Адміністрацыя магілёўскай турмы ўвесь час аказвае ціск на Мікіту Емяльянава, яго пастаянна закрываюць у ШІЗА па надуманых парушэннях.
Мікіта Уладзіміравіч Емяльянаў — актывіст анархісцкага руху, асуджаны 12.02.2020 года судом Савецкага раёна Мінска да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго і яшчэ аднаго анархіста Івана Комара прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 341, частка 1 артыкула 14, частка 2 артыкула 218, частка 2 артыкула 295-3. Паводле следства, напрыканцы верасня 2019 года Емяльянаў і Комар закідалі лямпачкамі, запоўненымі фарбай, будынак Мінскага гарадскога суда, дзе ў гэтыя дні праходзіў суд над анархістам Дзмітрыем Паліенкам. Учынак быў расцэнены як псаванне маёмасці (арт. 341 Крымінальнага кодэкса — «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»). Як вынікае з абвінавачання, у кастрычніку Емяльянаў і Комар вырабілі «гаручы кактэйль», перавозілі ўсе кампаненты кактэйлю, а ў першай палове кастрычніка прыехалі да СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску і спрабавалі падпаліць уваходныя дверы. Аднак сумесь не ўспыхнула. Затым, прыкладна праз тыдзень, яны паўтарылі спробу. У выніку падпалу памяшканню была нанесеная шкода на суму 1 рубель 48 капеек.
27 сакавіка Мінгарсуд па апеляцыйнай скарзе зменшыў тэрмін Мікіту Емяльянаву да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
29 траўня ён пераведзены на строгі рэжым турэмнага ўтрымання, а 9 чэрвеня этапаваны ў Магілёўскую турму №4.
Адрас для лістоў: турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А