Зняволены журналіст Дзяніс Івашын адмовіўся падпісваць пакаяльныя лісты Васкрасенскага
Пра гэта ў эфіры «Радыё Рацыі» распавяла Вольга Івашына — жонка палітвязня.
— Ваш сужэнец Дзяніс ужо амаль паўгода знаходзіцца ў Гарадзенскай турме. Я так разумею, што яшчэ праходзіць следчы працэс, ці ёсць нейкі прасвет?
— Насамрэч мы самы не ведаем, бо праз гэтыя паўгода фактычна не адбывалася амаль ніякіх следчых дзеянняў з удзелам Дзяніса. Там на пачатку было некалькі допытаў, потым гэтыя незразумелыя размовы ні пра што, калі яго вазілі ў КДБ. І ў прынцыпе на дадзены момант на гэтым усё. Але ўжо будзе паўгода, і мусяць ці перадаваць справу ў суд, бо дасудовае следства можа доўжыцца паводле гэтага артыкулу не больш за паўгода, або мусяць выпускаць. Мы чакаем, што яны вырашаць.
— Цяпер ідзе такая пагалоска па многіх турмах, што ўлады спрабуюць прымусіць падследчых пісаць нейкія прызнаўчыя пакаяльныя лісты. Нядаўна з’явілася звестка пра тое, што гомельскі праваабаронца Судаленка адмовіўся ад падпісання такога ліста. Ці былі нейкія спробы прымусу з боку адміністрацыі турмы пісаць такія лісты, каб вызваліцца Дзянісу Івашыну?
— Насамрэч з боку канкрэтна адміністрацыі турмы былі толькі хутчэй просьбы. Канешне, ён адмаўляецца падпісваць нешта такое. Больш таго, яму няма ў чым прызнавацца. Я ведаю, што да яго таксама дайшоў ліст Васкрасенскага, які прапанаваў напісаць гэты прызнальны ліст, але, канешне, Дзяніс на яго не адказаў.
Раней паведамлялася, што Дзяніс Івашын за кратамі гарадзенскай турмы меў сардэчны прыступ, але цяпер сітуацыя са здароўем нармалізуецца.
Таксама Вользе Івашынай стала вядома, што яе мужу не даходзяць лісты ні ад каго, акрамя блізкіх.
Дзяніс Івашын, журналіст газеты «Новы час» і
прадстаўнік супольнасці InformNapalm, быў затрыманы 12 сакавіка. Ён вядомы
сваімі матэрыяламі пра лёс украінскіх сілавікоў, якія пераехалі ў Беларусь
пасля ўцёкаў Віктара Януковіча.