Жыхара Гродна асудзілі на 3 гады: па яго справе амапаўцы адгукалі пазовы
Андрэя Сакалоўскага асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэнне вынеслі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 2 жніўня. Гродзенец застанецца пад вартай да ўступлення прысуда ў сілу.
Па ч.1 арт. 342 КК яму прызначылі два гады абмежавання волі, па арт. 364 КК — два гады пазбаўлення волі. Раней яго асудзілі на тры гады калоніі за махлярства. Такім чынам, адно пакаранне паглынула іншае.
Андрэй таксама павінен заплаціць 700 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды па пазове пацярпелага амапаўца «Лабкова». Ён запытваў 1 000 рублёў. Да выплаты на яго маёмасць наклалі арышт. Таксама ён аплаціць дзяржпошліну — 87 рублёў.
Прысутныя дзякавалі Сакалоўскаму. Ён будзе абскарджваць прысуд.
Падзякаваў за падтрымку
Андрэй у апошнім слове сказаў ўсяго тры фразы: падзякаваў за падтрымку сям'і і блізкім, а таксама за тое, што прыходзяць у суд.
Раней пракурор Сяргей Петрашко запытаў Андрэю Сакалоўскаму 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з улікам папярэдняга прысуду — Сакалоўскага ў мінулым годзе асудзілі на тры гады калоніі з адтэрміноўкай за махлярства. Адвакат лічыць, што абвінавачанага трэба апраўдаць. Андрэй віну не прызнаў. На працягу следства ён не даваў паказанняў.
Дырэктара прыватнай фірмы Андрэя Сакалоўскага судзіць Маргарыта Ланцэвіч ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. 38-гадовы Андрэй жанаты, у яго шасцігадовае дзіця. Андрэя абвінавацілі па ч.1 арт. 342 і арт. 364 КК. Паводле версіі дзяржабвінаваўцы Сяргея Петрашко, 6 верасня 2020 года Андрэй прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Чацвёра з пяці амапаўцаў, якія заявілі пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды, адклікалі пазовы. Двух з 12 амапаўцаў адвакатка папрасіла прыбраць з ліку пацярпелых.
hrodna.life