13 верасня Лятучы ўніверсітэт прэзентуе праграму на 2013–2014 год
Лятучы ўніверсітэт пачынае новы, ужо чацвёрты па ліку сезон. Запрашаем 13 верасня ў 18.00 — 22.30 ў “Галерэю Ў” і кнігарню “ЛогвінаЎ.
13 верасня 2013 года Лятучы ўніверсітэтабвяшчае пра пачатак новага, ужо чацвёртага па ліку сезону. Гэтае мерапрыемства мы вырашылі арганізаваць такім чынам, каб тыя, хто зацікаўлены нашай дзейнасцю, маглі ў той ці іншай ступені адчуць атмасферу ўніверсітэцкіх сустрэчаў — цікавых абмеркаванняў і дыскусій па важных і актуальных для ўніверсітэта і краіны тэмах; жывых гутарак за кавай-гарбатай з нашымі студэнтамі, лектарамі і вядучымі школ і семінараў. Таму ўвечары 13 верасня вас чакаюць:
18.00 — 19.00,Галерэя Ў — агульная прэзентацыя Лятучага ўніверсітэту і праграмы на 2013–2014 г.г., на якой можна будзе даведацца, у якіх фарматах і накірунках плануе развівацца Лятучы ўніверсітэт у 2013–2014 г.г. Але спачатку вы пачуеце некалькі слоў пра тое, што прадстаўляе сабой універсітэт у актуальнай сітуацыі, што істотнага ў развіццё гэтай ідэі прыўнёс мінулы сезон, на якія выклікі павінна будзе адказаць універсітэцкая супольнасць у бліжэйшы час? Агульную частку прадставяць Уладзімір Мацкевіч і Таццяна Вадалажская.
19.30, Галерэя Ў — дыскусія “Топас і праксіс інтэлектуала ў Беларусі: пошукі свайго месца ў культуры і соцыуме”. Прапануем паразважаць над пытаннем: наколькі ідэі, тэорыі, канцэпты, якія выказваюцца сучаснымі інтэлектуаламі, суадносяцца з іх сацыяльнай, дзейнаснай пазіцыяй? Якія шляхі абіраюць сучасныя беларускія інтэлектуалы? Свае меркаванні прадставяць Павал Баркоўскі, Андрэй Казакевіч, Уладзімір Мацкевіч, Аляксандр Сарна і інш. Вядучы дыскусіі — Андрэй Ягораў.
21.00,кнігарня “ЛогвінаЎ”— гутарка пра “Беларускае мысленне пачаткуXXIст.” Ва ўтульнай атмасферы кнігарні “ЛогвінаЎ” за кубачкам кавы Таццяна Шчытцова, Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў і Таццяна Вадалажская размаўляюць пра тое, якія аўтары і якія тэксты рэпрэзентуюць беларускае мысленне сёння, што варта ўключаць у беларускую традыцыю, па якіх крытэрыях можна вызначаць гэтых аўтараў і гэтыя тэксты.
Суарганізатар гэтай імпрэзы кнігарня “ЛогвінаЎ” рыхтуе адмысловую выставу-продаж кніг, якія, па версіі кнігарні, годныя таго, каб скласці спіс чарговай анталогіі беларускага мыслення пачатку ХХІ ст. Выстава пачнецца а 18 гадзіне і будзе працаваць на працягу ўсяго вечара, а кожны, хто набудзе кнігу, атрымае ў падарунак кубачак пахучай кавы ці гарбаты.
Нефармальныя гутаркі і сюрпрызы на вуліцы. На пляцоўцы каля Галерэі Ў будзе зладжана “Фота-сушка”. Немажліва за адзін вечар распавесці пра тыя падзеі, якія мы перажывалі ў Лятучым універсітэце на працягу мінулых 3-х сезонаў. Але так хочацца падзяліцца добрымі ўспамінамі — таму мы падрыхтавалі калекцыю фатаграфій з нашых лекцый, курсаў, семінараў, летніх школ і гульняў і вырашылі зрабіць “Фота-сушку”. Мажліва, і вам ёсць што цікавага паказаць з тых культурніцкіх імпрэзаў, якія вам запомніліся? Вазьміце на памяць наша фота і пакіньце нам сваё — давайце дзяліцца ўспамінамі і лепш пазнаваць адзін аднаго (прыступкі Галерэі Ў з 19.00).
Немажліва стаць гурманам, калі вам невядомы смак напою. Цяжка зразумець, што такое Лятучы ўніверсітэт і навошта ён можа быць вам патрэбны, не згуляўшы ў гэта хаця б раз. А пачаць можна з аднаго вечара — 13 верасня, а 18.00, кнігарня “ЛогвінаЎ”, галерэя Ў . Уваход вольны!
Каардынатар імпрэзы:
Галіноўская Юлія: +375297422040; julia.hurska@gmail.com