Аўтограф-сесія Кірыла Стаселька з нагоды выхаду «Marginalis»

Выдавецтва «Галіяфы» 1 снежня ладзіць аўтограф-сесію з нагоды выхаду новай кнігі Кірыла Стаселькі «Marginalis».



Аўтограф-сесія пачнецца ў 18:00 1 снежня ў кнігарні «Галіяфы» па адрасе Мінск, вул. Няміга 3, цокальны паверх, пав. 66. Падчас мерапрыемства можна будзе задаць пытанні аўтару, набыць як раман «Marginalis», так і «Дзіцячы маніфест» — папярэднюю кнігу пісьменніка.


«Marginalis» – насычаны і захапляльны філасофскі раман, дзеянні якога ахопліваюць больш за чатырыста гадоў, паўтары сотні персанажаў і дзясятка краінаў, пазл з мноства сюжэтных ліній і філасофскіх ды псіхалагічных матываў, якія складаюцца ў адно цэлае. Дзеянні рамана разгортваюцца вакол уладальнікаў старажытнай загадкавай кнігі. У пошуках сябе і свайго «я» героі рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае тое, што знаходзіцца на палях, па-за цэнтрам, па-за межамі. Па-за межамі гісторыі, жыцця, увагі.  

Раман «Marginalis» быў прызнаны самым насычаным творам беларускай літаратуры. Рэкорд быў зафіксаваны беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса — праектам «Рэкорды Куфара».

Дзіцячы маніфест — спроба аўтара знайсці межы і магчымасці чалавечай свабоды ў грамадстве, зразумець асаблівасці Рубікону, які палягае між нормай і вар’яцтвам. У кнізе вы сустрэнеце французскага пісьменніка, цела якога знутры разрываецца ад ціску ўласнага Эга, чалавека, чыя рэальнасць і сон зліваюцца, мастака, чыя галава аддзялілася ад цела, ды шмат іншых герояў, якія па-рознаму намагаюцца напісаць маніфест свайго «Я».

Зборнік «Дзіцячы маніфест» быў намінаваны на чатыры літаратурныя прэміі, у прыватнасці, трапіў у шорт-ліст прэміі «Дэбют» ды лонг-ліст прэміі Гедройца.



Кірыл Стаселька нарадзіўся ў Барысаве. У 2013 скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ па спецыяльнасці «Сацыялогія», у 2014 — магiстратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў пры НАН РБ. З'яўляецца выпускніком Беларускага калегіума, Лятучага ўніверсітэта, Школы маладога пісьменніка пры ГА «Саюз беларускiх пiсьменнiкаў» і Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання (Беларусь, Швецыя).

На дадзены момант навучаецца ў аспірантуры Акадэміі навук, з’яўляецца дырэктарам «Агенцтва інфармацыйных тэхналогій «Буцэфал», кіраўніком інтэрнэт-часопіса infographer.by і каардынатарам праекта «Народны журналіст».

Публікаваўся ў такіх часопісах, як «Дзеяслоў», «Маладосць», «Паміж», «pARTtisan», а таксама ў зборніку «Параходзік сучаснасці».






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: