Беларуская пісьменніца Вольга Гапеева трапіла ў шорт-ліст прэстыжнай нямецкай літаратурнай прэміі

Беларуская пісьменніца Вольга Гапеева трапіла ў шорт-ліст прэстыжнай нямецкай літаратурнай прэміі фонда Crespo «Wortmelden» 2022 года. Гэтую ўзнагароду прысуджаюць з 2018 года за дыскусійныя тэксты, што маюць палітычнае значэнне.

765544_833x400.jpg


Згодна з палажэннем прэміі, узнагарода і ўсе імпрэзы, што адбываюцца вакол яе, павінны пашырыць грамадскі дыскурс і стымуляваць дэбаты. Сёлета акцэнт дыскусій скіраваны на тое, ці мусіць літаратура актыўней  удзельнічаць у палітычных падзеях і ці можа творца працаваць па запыце — аператыўна рэагаваць на актуальную павестку, піша Радыё Рацыя.

Пяцёра шортлістараў — іх тэксты адабралі са 120 прэтэндэнтаў — 10 лютага распавядуць пра сябе і сваю творчасць падчас адмысловай вечарыны ў Літаратурным доме Франкфурта-на Майне. Вольга Гапеева раскажа ў тым ліку пра сваё эсэ «Абарона паэзіі ў часы пастаяннага выгнання», дзе яна разважае пра сувязь улады, гвалту і мовы на фоне актуальных падзей у краіне.

Пераможцу назавуць напрыканцы сакавіка, цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 19 чэрвеня.

Сёлета Вольга Гапеева трапіла і ў шорт-ліст прэміі «Гліняны Вялес» за кнігу «Самота, што жыла ў пакоі насупраць».