Бэнксі быў ва Украіне. Ён пацвердзіў аўтарства работ, створаных у вядомых месцах (фота)

Знакаміты брытанскі вулічны мастак Бэнксі пацвердзіў, што муралы (творы насценнага жывапісу) у вядомых месцах Украіны — гэта яго новыя працы.

photo_2022_11_15_13_32_15.jpg


Ва Украіне з'явілася сем работ Бэнксі. Некаторыя з іх знаходзяцца ў месцах, што моцна пацярпелі ад расійскіх бамбаванняў і акупацыі: Кіеў, Ірпень, Барадзянка, перадае ВВС са спасылкай на «The Art Newspaper».

На адным з муралаў намаляваны мужчына, падобны на Пуціна, якога малеча шпурляе на падлогу падчас паядынку па дзюдо. Іншая праца паказвае двух дзяцей, якія гойдаюцца на імправізаваных арэлях, зробленых з супрацьтанкавага вожыка.

Яшчэ адзін мурал, намаляваны на руінах разбуранага будынка, ілюструе гімнаста, які выконвае на адным з абломкаў стойку на руках.


Сваё сапраўднае імя брытанскі мастак не выдае, а свае працы звычайна не падпісвае, ствараючы іх ананімна.

Бэнксі (Banksy) — псеўданім ананімнага англійскага андэграўнднага мастака стрыт-арта, палітычнага актывіста і рэжысёра, які працуе з 1990-х гадоў. Сапраўднае імя і паходжанне Бэнксі невядомыя, вакол яго біяграфіі ў грамадстве вядзецца шмат спрэчак.

Бэнксі атрымаў міжнароднае прызнанне дзякуючы свайму адметнаму стылю сатырычнага вулічнага мастацтва і графіці, выкананых з выкарыстаннем тэхнікі трафарэтнага друку. Яго працы вызначаюцца чорным гумарам і часта суправаджаюцца «падрыўнымі» эпіграмамі, якія ўтрымліваюць вострыя і магутныя каментары да сацыяльных і палітычных аспектаў сучаснага грамадства.