Юбілейную «Камяніцу» ўзначаляць «Троіца», Joryj Kloc і «Тесто»

1 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ» адбудзецца юбілейны – дзясяты па ліку – фестываль «Камяніца». Арганізатары абвясцілі трох першых хэдлайнераў і запусцілі ў продаж першыя 500 квіткоў.

kamyanitsa_afisha_full.jpg

Першая «Камяніца» датуецца 2009 годам. За гэты час фестываль прайшоў вялікі шлях, але захаваў галоўнае – цікаўнасць да народнай музыкі ва ўсіх яе праявах. Ад аўтэнтычных напеваў без інструментальнага суправаджэння да апрацовак у сучасных музычных стылях і аўтарскіх твораў, натхнёных народнай творчасцю. Дадзеную канцэпцыю адлюстроўваюць і хэдлайнеры гэтага года.

Этна-трыа «Троіца» (Беларусь) на чале з Іванам Кірчуком не дарма называюць «шаманамі» – іх вытанчаныя апрацоўкі народных песень нясуць слухачоў далёка ў космас. Калектыў прадставіць на фестывалі свае лепшыя песні і шэраг кампазіцый з новага альбома «Цар-агонь», які выйдзе ў верасні.


Joryj Kloc (Украіна) – неардынарны гурт з Львова, стылістыку якога называюць «украінскім абрадавым хіп-хопам», «турба-фолкам» і «казацкім брэйкбітам». Дыскі калектыва выдаваліся ва Украіне і Польшчы, дзе музыкі актыўна канцэртуюць.


«Тесто» (Расія) – музычная фармацыя з Санкт-Пецярбурга, якая выконвае традыцыйныя фолк-напевы так, як іх чуе сучасны жыхар вялікага горада. У выніку атрымліваюцца танцавальныя кампазіцыі з выкарыстаннем жывых і электронных інструментаў, з адыходам у драм-н-бэйс і даб, фанк і хіп-хоп.


Уваход на фестываль для гледачоў у поўных версіях нацыянальных строяў (ад галаўных убораў да абутку) будзе бясплатным. Час правядзення: з 12 да 22 гадзін. Інфалінія: (033) 661-14-32, (017) 209‑41-63.
Арганізатары «Камяніцы з Банкам БелВЭБ» прымаюць заяўкі на ўдзел у фестывальным кірмашы. Перавага надаецца праектам, якія працуюць у беларускім кантэксце. Заяўкі неабходна адпраўляць да 25 жніўня на мэйл kamianica2003@gmail.com з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.
Паводле прэс-рэліза