Каманду серыяла «Чарнобыль» запрасілі пад Бабруйск на адкрыццё бюста Алеся Адамовіча
Актывісты ініцыятыўнай групы па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча запрасілі стваральнікаў папулярнага серыяла НВО «Чарнобыль» на адкрыццё бюста пісьменніка. Урачыстае адкрыццё павінна адбыцца 3 верасня на малой Радзіме пісьменніка — у вёсцы Глуша на Бабруйшчыне, акурат на яго дзень народзінаў.
Менавіта Алесь Адамовіч быў адным з першых, хто ўзняў тэму рэальнага маштабу катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
«Адамовіч часта паўтараў: «Я не спецыяліст, але вы — навукоўцы, чыноўнікі, лекары — дапусцілі гэта і не хочаце дапамагаць народу, а я магу ўсё гэта данесці да людзей праз слова».
Ён яшчэ задоўга да катастрофы пачаў усведамляць пагрозу не толькі «мірнага» і ваеннага атама. Адамовіч пачаў думаць пра атам як пісьменнік, філосаф, публіцыст, складаючы: «На планеце няма дзвярэй «запасны выхад». Няма куды бегчы будзе ў выпадку ядзернага пажару».
Адамовіча з поўнай упэўненасцю можна назваць «сумленнем нацыі». Васіль Быкаў называў яго «фігурай еўрапейскага маштаба», а Святлана Алексіевіч лічыць яго сваім настаўнікам», — адзначылі актывісты ў запрашальным лісце.
Актывісты спадзяюцца, што стваральнікі серыяла «Чарнобыль» скарыстаюцца іх запрашэннем і наведаюць урачыстае мерапрыемствы ў Глушы, дзе і пахаваны беларускі пісьменнік.
Лідар ініцыятыўнай групы Андрусь Архіпенка распавёў «Новаму Часу», што ён даслаў ліст па-ангельску на электронную скрыню НВО:
«Я разумею, шанец, што яны адкажуць мне ўвогуле — невялікі, а тое, што яны прыедуць — яшчэ меншы. Але я лічу, што запрасіць іх патрэбна, асабліва тых, хто спрычыніўся да стварэння серыяла пра Чарнобыль.
Для Адамовіча гэта была адна з галоўных тэм, якая яго турбавала. Каманда серыяла зноў актуалізавала гэтую тэму, за што я, думаю, як і іншыя беларусы, вельмі ўдзячны.
Сцэнарыст «Чарнобыля» Крэйг Мазін сярод матэрыялаў, якія ён вывучаў падчас працы над сцэнаром серыяла, першым фільмам назваў «Ідзі і глядзі» 1985 года. Сцэнарыстам гэтага фільма выступіў Алесь Адамовіч. Дарэчы, Мазін у сваім твітэры заклікаў падтрымаць фонд «Дзеці Чарнобыля» і іншыя арганізацыі, якія аказваюць дапамогу ахвярам трагедыі ў Чарнобылі».
Год таму актывісты дасылалі ліст у Sony Pictures, каб падняць тэму ўшанавання памяці пісьменніка і актуалізацыі яго творчасці, але адказу тады так і не атрымалі. Цяпер Андрусь спадзяецца, што атрымае зваротную сувязь ад каманды серыяла. Актывісты мяркуюць, што такім чынам атрымаецца таксама актуалізаваць творчасць Адамовіча і знайсці сродкі на стварэнне музея.
Нагадаем, асноўная мэта дзейнасці ініцыятыўнай групы па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча — адкрыццё ў Глушы музея, прысвечанага жыццю і дзейнасці пісьменніка. Пакуль яны займаюцца ўсталяваннем помніка на малой Радзіме Адамовіча, які стварае знакаміты беларускі скульптар Генік Лойка.
На сённяшні дзень пяцісерыйны міні-серыял «Чарнобыль» — самы паспяховы ў гісторыі. Ён быў створаны ў 2019 годзе амерыканскім тэлеканалам HBO сумесна з брытанскай тэлесеткай Sky. Серыял быў зняты на тэрыторыі Літвы, у прыватнасці, на Ігналінскай АЭС.
Па дадзеных сэрвісу IMDb, «Чарнобыль» па стане на чэрвень 2019 года займае першае месца сярод лепшых серыялаў і тэлешоў.