На вядомага расійскага музыку, які падтрымаў пратэсты ў Беларусі, завялі крымінальную справу
На лідара гурта «Няшчасны выпадак» Аляксея Кортнева завялі справу аб «абразе прадстаўніка ўлады». Справа звязана са зрывам лютаўскага выступу Кортнева ў Новасібірску. У клуб прыбылі паліцэйскія і пажарныя, якія не дазволілі пачаць канцэрт з-за «задымлення». СМІ паведамілі, што музыка паказаў ім «непрыстойны жэст».

Фота smi2.ru
Пра завядзенне справы журналістам паведаміў сам Аляксей Кортнеў, піша РБК. Артыкул 319 Крымінальнага кодэкса РФ прадугледжвае пакаранне папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго года.
Цікава, што ў КК Беларусі таксама ёсць артыкул аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369). Паводле яго за каментары асуджана шмат палітвязняў. Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула — тры гады калоніі.
«Так, гэта сапраўды так. Я буду сустракацца са сваім адвакатам, прылятаць у Новасібірск. Усе дзеянні будуць адбывацца ў рамках заканадаўства. Я лічу, [крымінальная справа заведзеная] абсалютна незаслужана», — сказаў Кортнеў.
Паводле наяўных звестак, следства вядзе аддзел СК па
расследаванні асабліва важных спраў.
Крымінальная справа звязаная з інцыдэнтам, які адбыўся ў
лютым, пасля адмены выступу «Няшчаснага выпадку» ў Новасібірску. Канцэрт планавалася правесці ў клубе Red Rabbit, але перад
пачаткам на пляцоўку прыбылі паліцэйскія і пажарныя, якія паведамілі аб
задымленні ў будынку. Канцэрт адмянілі.
«І нягледзячы на тое што пажарныя машыны ад'ехалі ў бок, іх ніхто «не адпускаў», бо яны былі неабходныя для аперацыі
прыкрыцця — хадзілі ў цемры паміж столікамі і «шукалі» месца задымлення праводкі. А інакш бы не было перашкод працягнуць мерапрыемства», — казаў тады дырэктара клуба Сяргей Цуркан.
Паводле слоў відавочцаў, Кортнеў падчас размовы з паліцыянтамі
паказаў аднаму з іх «непрыстойны жэст». Лідара гурта затрымалі,
але неўзабаве адпусцілі. Сам музыка казаў, што пратакол складаць не сталі, таму «нічога страшнага не адбылося».

З трох запланаваных на люты выступленняў Кортнева ў
Новасібірску ўдалося правесці толькі адно. Два іншыя канцэрты ўладальнікі
памяшканняў адмянілі без тлумачэння прычын.
Кортнеў пасля пачатку Расіяй вайны ва Украіне выступаў з крытыкай таго, што адбываецца. «Валасы стаяць дыбам — ну, не пра мяне будзе сказана, вядома. Мы не будзем сёння ладзіць тут антываенны мітынг, я вам абяцаю гэта. Проста мы сёння зграем праграму некалькі менш забаўляльную. Таму што сорамна граць смешныя песні», — казаў ён на канцэрце ў Архангельску ў мінулым лютым.
У 2020 годзе Аляксей Кортнеў быў у ліку вядомых людзей, якія падтрымалі пратэсты ў Беларусі. Напрыклад, у верасні музыка меўся ўзяць удзел у канцэрце ў Маскве, які хацелі правесці актывісты на знак салідарнасці з беларускімі пратэстоўцамі. Аднак зладзіць імпрэзу пад назвай «Партызан-фэст» маскоўскія ўлады не дазволілі.