Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай
Заяўкі на прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове будуць прымацца да 11 сакавіка.
Адкрыты прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове.
Крытэры для падачы кніг:
· жанр кнігі — паэзія;
· кніга выдадзеная ў 2020 (кніга, якая была выдадзеная ў 2019, але па нейкіх прычынах не ўдзельнічала ў мінулагодняй прэміі, можа быць пададзеная ў гэтым годзе);
· мова кнігі — беларуская;
· кніга павінна быць выдадзеная ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш зместу якой апублікавана ў кнізе ўпершыню).
Больш падрабязна пра ўмовы і правілы прэміі можна
даведацца з яе статуту.
Заяўкі прымаюцца да 11 сакавіка 2021 года.
Пераможцу вызначаць сябры журы: паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль, паэт і перакладчык Сяргей Прылуцкі, пісьменніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец, паэтка, бард, выкладчыца Лера Сом, паэт, перакладчык і лаўрэат прэміі Наталлі Арсенневай 2020 Андрэй Хадановіч.
Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай — выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша «Магутны Божа».
У 2020 годзе прэмію атрымаў Андрэй Хадановіч за кнігу «Школа травы», у 2019 — Марыя Мартысевіч за кнігу «Сарматыя», у 2018 годзе Алесь Разанаў і яго кніга «Перавыбранае». Першым лаўрэтам прэміі быў Уладзімір Някляеў, які ў 2017 годзе атрымаў ўзнагароду за кнігу «Толькі вершы».
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне «Бацькаўшчына». Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
Паводле прэс-рэлізу