Севярынец выдае раман пра канец свету, які пачынаецца ў Беларусі

У пачатку 2020 года выходзіць працяг рамана Паўла Севярынца «Беларусалім. Сэрца святла».

ce1378f36689fe1bd07056427dc33a42aed12082.jpg


Першая кніга рамана, прэзентаваная два гады таму, сабрала 300 чытачоў на прэзентацыі ў Менску, заняла першае месца на конкурсе «Кніга года» сярод чытачоў і другое месца сярод пісьменнікаў, а таксама трапіла ў шорт-ліст прэміі Гедройца.

Прапаноўваем вашай увазе 10 цікавых фактаў пра новую кнігу.

1. Аўтар пісаў раман у трох кнігах дванаццаць гадоў. Раман пісаўся ў «Амерыканцы», на сутках Акрэсціна, у ссылках у Малым Сітне ды Купліне.

2. «Беларусалім» — гэта раман пра канец свету, які пачынаецца ў Беларусі. Раман-прыпавесць, раман-адкрыццё пра беларускае каханне, беларускае змаганне, беларускую веру, беларускую здраду і беларускую волю. Беларусь раптам апынаецца ў эпіцэнтры сусветных падзеяў — і робіцца ясна, хто ж такія насамрэч беларусы.

3. «Беларусалім. Сэрца святла» — кніга, у аснове сюжэту якой ляжыць гісторыя росквіту Беларусі ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Ідэю выдатна ілюструе вокладка.

4. У рамане ёсць герой з імем Павел і мянушкай «Геолаг», гэта менскі бомж. Прычыну, дзеля якой аўтар даў сваё імя і прафесію менавіта гэтаму герою, варта шукаць у хрысціянстве. Але яшчэ адзін паварот у жыцці Пашы Геолага напрыканцы кнігі прымусіць чытачоў ахнуць — і зразумець, чаму.

5. За час напісання рамана Павел Севярынец паспеў ажаніцца, двойчы стаць бацькам і выдаць яшчэ шэсць кніг. Без перабольшвання, гэта галоўная кніга ягонага жыцця.

6. Беларусы пазнаюць у героях рамана многіх сваіх сучаснікаў. Дзеянне «Беларусаліма» пачынаецца праз некалькі гадоў пасля таго, як вы яе прачытаеце.

7. Калі пакласці чарнавікі рамана ў стос, атрымаецца слуп вышэй за чалавечы рост. Асноўныя чарнавікі Севярынец пісаў ад рукі (бо кампутар за кратамі не дазволены). Набіраць тэкст Паўлу дапамагала цяжарная жонка.

ee679e973d8d85c5a61c6238cb9d85e3c71a83fb.jpg


8. У кожнай кнізе раскідана каля 300 ключоў да галоўнай загадкі рамана. Калі ўважліва прыглядацца да імёнаў, лічбаў, цытатаў з Бібліі і кантэксту — вы досыць хутка расшыфруеце галоўную загадку беларускай гісторыі.

9. У 2010 годзе рукапіс рамана выкрадаў КДБ. Падчас спробы адксеракапіяваць рукапіс і зрабіць дублікат у мэтах бяспекі спецслужбы ўварваліся ў кватэру, дзе стаяў ксеракс, і сканфіскавалі больш тысячы старонак, напісаных Севярынцам ад рукі. Паўлу давялося пісаць серыю заяваў у Генеральную пракуратуру, міліцыю, КДБ, звяртацца да еўрапейскіх палітыкаў і праваабаронцаў, каб рукапіс вярнулі. Праз два месяцы рукапіс быў падкінуты ў кватэру без апошніх двух раздзелаў. Пасля чарговых заяваў і сустрэчаў цудоўным чынам у зачыненай кватэры апынулася і рэшта рукапісу.

10. Ганна Севярынец напісала, што «Беларусалім» ёсць канцэнтрацыяй беларускага культурнага коду. «Каб прачытаць “Беларусалім”, трэба актуалізаваць найперш еўрапейскую культуру: Біблію, філасофію Сярэднявечча, Бакачча і Дантэ, дыдактычную прозу Асветніцтва, асабліва ахайна — еўрапейскі і рускі мадэрнізм, абавязкова — усю беларускую класіку. Насамрэч разгадваць культурныя коды “Беларусаліма” — гэта і ёсць самы цікавы чытацкі занятак над старонкамі гэтага раману».


b3c32450426f8b5107c70726133043296fcf7700.jpg


Падтрымаць выданне кнігі можна на «Вуллі». Гэта дасць магчымасць атрымаць новую кнігу танней, да таго ж сярод лотаў вы знойдзеце магчымасць размясціць у кнізе Севярынца свой лагатып ці нават выпіць з аўтарам кубачак кавы.

 Паводле інфармацыі, прадастаўленай Паўлам Севярынцам