Сяргей Міхалок атрымаў від на жыхарства ва Украіне

Былы лідар беларускага гурта «Ляпіс Трубяцкі», а цяпер саліст гурта «Brutto» Сяргей Міхалок і ягоны прадусар Антон Азізбекян атрымалі від на сталае пражыванне ва Украіне.



michalok_ukraina.jpg

Сёння, 25 мая, старшыня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны Сяргей Радутны ўручыў ім гэтыя пасведчанні, паведамілі УНІАН у прэс-службе ўстановы.
Як нагадалі ў міграцыйнай службе, у студзені гэтага года віцэ-прэм'ер-міністр - міністр культуры Вячаслаў Кірыленка падаў хадайніцтва ў МУС з просьбай даць дазвол на пражыванне для гэтых двух артыстаў як дзеячаў культуры, іміграцыя якіх адказвае інтарэсам Украіны, каб падтрымаць імідж Украіны як дзяржавы , у якой гарантаваныя магчымасці для свабоднага выказвання ўласных поглядаў і перакананняў, у тым ліку праз творчую дзейнасць, а таксама ўлічыць у гэтай пастанове пазіцыю групы падтрымкі ўкраінскай Рэвалюцыі годнасці і іхны ўнёсак у развіццё ўкраінскай музыкі.
У Дзяржаўнай міграцыйнай службе адзначылі, што від на жыхарства дае замежнікам права стала пражываць ва Украіне і карыстацца тымі ж правамі і свабодамі, а таксама мець такія ж абавязкі, як і грамадзяне Украіны, за выключэннямі, усталяванымі Канстытуцыяй, законамі або міжнароднымі дамовамі Украіны (права выбіраць і быць выбранымі ў органы ўлады, працаваць на дзяржаўнай службе і гэтак далей).
Як паведамлялася, музыка Міхалок і ягоны прадусар Азізбекян вырашылі атрымаць права на сталае пражыванне ва Украіне, не адмаўляючыся ад беларускага грамадзянства.
Міхалок тлумачыў, што падтрымка гуртам «Ляпіс Трубяцкі» рэвалюцыйных падзей ва Украіне негатыўна і варожа ўспрымаецца ўладамі Беларусі ды Расіі, якія ствараюць перашкоды для паўнавартаснага творчага працэсу.
«Ляпіс Трубяцкі» ад пачатку падтрымліваў Рэвалюцыю годнасці ва Украіне. А яго песня «Воины света» стала адным з неафіцыйных гімнаў Майдана.
У Беларусі гурт «Ляпіс Трубяцкі» ўжо даўно быў у «чорным спісе» музыкаў, якія не маюць права выступаць на тэрыторыі краіны.