Шляхамі Язэпа Драздовіча. Беларускія вёскі і гарады на мапе жыцця творцы

Савецкая ўлада не разумела каштоўнасці таленту Язэпа Драздовіча, а таму не лічыла патрэбным яго падтрымліваць — так і з'явіўся сюжэт пра вандроўнага мастака, які сваёй творчасцю аплочваў начлег і ежу. І гэта, на жаль, праўда.

Язэп Драздовіч. Фота: karotkizmest.by

Язэп Драздовіч. Фота: karotkizmest.by

Сёлета 13 кастрычніка споўнілася 135 год з дня народзінаў вядомага беларускага мастака, графіка, аднога з заснавальнікаў беларускага гістарычнага жывапісу, разьбяра, скульптара, краязнаўцы, настаўніка, літаратара, аднога з першых у Беларусі даследчыкаў космасу Язэпа Нарцызавіча Драздовіча. Творчасць Драздовіча пры жыцці была недаацэненая, яго спадчыну культуролагі і мастацтвазнаўцы пачалі адкрываць усяго некалькі дзесяцігоддзяў таму. Budzma.org прапануе наведаць мясціны, звязаныя з жыццёвым шляхам Язэпа Нарцызавіча, прайсціся яго сцежкамі і пабачыць захаваныя творы вандроўнага мастака.

Пунькі

Пачынаецца маршрут з Глыбоцкага раёна, з Галубіцкай пушчы, на ўскрайку якой, у засценку Пунькі, 13 кастрычніка 1888 года і нарадзіўся Язэп Драздовіч. Засценкам называлі паселішча кшталту хутара, якое арандавала, як правіла, дробная шляхта. Да такіх збяднелых шляхцічаў належаў і бацька Драздовіча. Непасрэдна ў Пуньках Язэп пражыў толькі пару гадоў. Хлопчыку было два гады, калі памёр яго бацька. Маці засталася адна з шасцю дзецьмі. З гэтага часу і пачалася бясконцая вандроўка Драздовіча, бо сям’я не раз змяняла месца жыхарства ў ваколіцах Галубіцкай пушчы.

У сваіх дзённіках мастак часта згадваў «сваю Дзісеншчыну»: у колішні Дзісенскі павет уваходзіла тэрыторыя сучаснага Глыбоцкага раёна, часткова Шаркаўшчынскага, Мёрскага і Докшыцкага. Сярод шматлікіх замалёвак Дзісеншчыны ёсць у Язэпа Драздовіча і некалькі малюнкаў роднага засценка Пунькі.

Сёння ад Пунькаў нічога не засталося. Будынкі даўно разбураныя, месца здзічэла ды зарасло хмызняком. Толькі па старой ліпе можна ўявіць, дзе калісьці стаяла хата. Засценак быў зліквідаваны ў 2018 годзе, на месцы, дзе ён размяшчаўся, у кастрычніку таго ж года ўсталяваны мемарыяльны камень.


Глядзіце таксама

Ліпляны

На паўночны захад ад былога засценка Пунькі месціцца вёска Ліпляны, сюды варта дабрацца, каб наведаць магілу Язэпа Драздовіча на мясцовых могілках. Надмагільны помнік выкананы беларускім скульптарам і мастаком Аляксандрам Шатэрнікам. Памёр Язэп Нарцызавіч увосень 1954 года ад раку страўніка: яго, непрытомнага, знайшлі на адной з дарог Дзісеншчыны месцічы, адвезлі ў лякарню ў Падсвіллі, адкуль ён больш ніколі не вярнуўся.

Па заканчэнні Другой сусветнай вайны праз праблемы са здароўем Язэп Драздовіч мала працаваў. Асноўнай крыніцай яго заробкаў у той час былі маляваныя дываны для месцічаў навакольных вёсак, дапамога ім па гаспадарцы. Зрэдчас мастак пісаў краявіды, партрэты. Савецкія чыноўнікі ад ідэалогіі і культуры ставіліся да творчасці Язэпа Драздовіча як да нявартай увагі. Ён не быў прыняты ў Саюз мастакоў і не меў магчымасці ўладкавацца на працу, увасабляць у жыццё сваё творчае пакліканне. Так, беспрытульна вандруючы па ваколіцах, і пражыў свае апошнія гады прадстаўнік адукаванай беларускай інтэлігенцыі, не патрэбны савецкай дзяржаве.

У Ліплянах яшчэ можна сустрэць жыхароў, якія добра памятаюць мастака як вечнага вандроўніка, што хадзіў у белым паліто паміж вёскамі, натхнёна захапляўся навакольнай прыгажосцю, распавядаў цікавыя гісторыі, размалёўваў шафы, дываны, дапамагаў па гаспадарцы ўзамен на начлег, паесці ці зарабіць на магчымасць маляваць. Па сённяшні дзень у мясцовых хатах можна сустрэць то дыван, то шафу, аздобленую роспісам Язэпа Нарцызавіча. Варта павандраваць па навакольных вёсках і з гэтай мэтай.

Раней, на хвалі беларускага адраджэння, дзейнасць Язэпа Драздовіча была вельмі запатрабаванай. З 1910-га ён аздабляў беларускія друкаваныя выданні, настаўнічаў, займаўся археалогіяй, замалёўваў прадметы матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажы людзей, у 1920-я супрацоўнічаў з Віленскім беларускім музеем Івана Луцкевіча, нават наладзіў сувязі музея з Інбелкультам у Мінску, заснаваў мастацкую студыю ў Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў маляванне ў Наваградскай беларускай гімназіі, афармляў тэатральныя выставы.

Адметнай рысай творчасці Язэпа Драздовіча было захапленне космасам. Мастака часам называюць «беларускім Леанарда да Вінчы»: у сваіх летуценнях пра космас у творы «Нябесныя бегі», выдадзеным па-беларуску ў Вільні ў 1931 годзе, ён прымроіў нават шматступенчатую ракету. І скафандры мастак намаляваў задоўга да першага палёту чалавека ў космас. У «Нябесных бегах» Язэп Нарцызавіч выклаў шэраг сваіх тэорый пра паходжанне планет Сонечнай сістэмы і рух Зямлі. Навуковую каштоўнасць Драздовіцкіх вынаходніцтваў даследчыкі крытыкуюць, але ж культуралагічная каштоўнасць іх неаспрэчная.

Праз некалькі гадоў пасля «Нябесных бегаў» мастак працягнуў тэму космасу трыма серыямі карцін: «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы». Але ж і космас бачыўся Драздовічу беларускім. Мастак выяўляў яго на сваіх карцінах, дзе сатурніянскія краявіды вельмі нагадваюць родную Дзісеншчыну, у штучным моры можна пазнаць беларускае Паазер’е, а ў тварах сатурніянцаў чытаюцца тыпажы мясцовых жыхароў.


Глядзіце таксама

Падсвілле

Далей рушым у Падсвілле Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Тут нас цікавіць школьны краязнаўчы музей, дзе частка экспазіцыі прысвечана вандроўнаму мастаку. У адрозненне ад большасці падобных лакальных музеяў, тут ёсць на што паглядзець. У экспазіцыі, апроч шматлікіх копій прац Язэпа Нарцызавіча, прадстаўлены і арыгінальныя экспанаты. Яшчэ варта звярнуць увагу на шыльду, напісаную Язэпам Драздовічам незадоўга да скону, якую ён падараваў тагачаснаму ўладальніку засценка Пунькі, дзе нарадзіўся. На ёй напісана: «Пунькі на Галубіцкай пушчы, нарадзіўся ў 1888 г. Язэп Нарцызавіч Драздовіч».

Германавічы

Далей па маршруце — колішняе мястэчка старажытнай Дзісеншчыны, сёння — вёска Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. Тут, у сядзібе Шырынаў, узведзенай у XVIII стагоддзі ў стылі класіцызм, месціцца Германавіцкі музей культуры і побыту імя Язэпа Драздовіча. У ім захоўваецца вялікая колькасць прац вандроўнага мастака. Тут можна пабачыць нават калекцыю падарожных кійкоў Язэпа Нарцызавіча, кожны з якіх — сапраўдны твор мастацтва. Сёння ў фондах музея ў Германавічах — 38 прац Язэпа Драздовіча, 14 з іх прадстаўлены ў экспазіцыі. Сярод іх — жывапіс, графіка, знакамітыя маляванкі.

Вялікая колькасць экспанатаў з’явілася ў музеі дзякуючы руплівай працы Ады Эльеўны Райчонак, беларускай грамадскай дзяячкі, якая доўгі час выкладала ў мясцовай школе. Унёсак Ады Эльеўны ў развіццё культурніцкага жыцця ў Германавічах ды турыстычнага патэнцыялу мясцовасці цяжка перабольшыць. У Германавічах працуе створаны Адай Райчонак літаратурна-мастацкі музей, які таксама варта наведаць. Яшчэ варта не абмінуць і мясцовыя могілкі: тут пахаваная маці Язэпа Драздовіча Юзэфа. Надмагілле было зроблена паводле замовы і эскізу мастака.


Глядзіце таксама

Глыбокае

Далей рушым у Глыбокае, дзе ў мясцовым гісторыка-этнаграфічным музеі можна пабачыць некалькі арыгінальных прац Язэпа Нарцызавіча. Сярод іх — пейзаж фантастычнай далёкай краіны, маляваны дыван з начным краявідам. Варта звярнуць увагу і на сам будынак музея, узведзены ў 1930-я гады з чырвонай цэглы, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі рэгіянальнага значэння.

Для тых, каму будзе недастаткова экспазіцыі музея, супрацоўнікі ўстановы распрацавалі экскурсійныя маршруты. Адзін з іх роварны — «Дарогамі дзядзькі Язэпа» — з прыпынкамі ў вёсках і мястэчках, дзе вандраваў Язэп Нарцызавіч. Яшчэ наведвальнікам маршрута прапануюць пачытаць дзённік мастака, азнаёміцца з археалагічнымі помнікамі, якія ён даследаваў.

Да таго ж, у Глыбокім варта звярнуць увагу і на помнік Язэпу Драздовічу, які месціцца на «Алеі славутых землякоў» сярод 9 бронзавых бюстаў знакамітым ураджэнцаў Беларусі, чый лёс быў звязаны з Глыбоччынай. Помнікі былі ўсталяваны ў скверы паміж Траецкім касцёлам і комплексам колішняга кляштара кармелітаў у 2012 годзе да Дня беларускага пісьменства.

Заслаўе

У заслаўскім Музеі маляванкі, што месціцца ў флігелі — адзіным ацалелым будынку колішняга палацава-паркавага комплекса Пшаздэцкіх пачатку мінулага стагоддзя, — прадстаўлена вялікая калекцыя маляваных дываноў Язэпа Драздовіча. Руплівыя супрацоўнікі правядуць цікавую экскурсію і параяць набыць густоўныя сувеніры на ўспамін. У залі, прысвечанай Язэпу Драздовічу, варта звярнуць увагу на столь, якая тэматычна сімвалізуе зорнае неба. Каб замацаваць уражанні, у музеі ёсць магчымасць паглядзець дакументальны фільм пра жыццё і творчасць мастака.


Глядзіце таксама

Мінск

Пазнаёміцца са спадчынай Язэпа Драздовіча таксама можна ў нацыянальных сталічных музеях — мастацкім і гістарычным. У пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея знаходзіцца ўсяго 5 адметных прац мастака. Але музеем перыядычна да значных памятных дат праводзяцца тэматычныя выставы, на якіх дэманструюцца карціны і барэльефы рукі майстра, што знаходзяцца ў фондах.

Вядома, што Язэп Драздовіч яшчэ цікавіўся археалогіяй. Сярод яго прац ёсць і замалёўкі археалагічных помнікаў. У Нацыянальным гістарычным музеі можна пабачыць частку яго унікальнай археалагічнай калекцыі — і іншыя цікавыя экспанаты.

А ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў да 13 лістапада працуе выстава «Самародак зямлі беларускай», прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча.

На выставе прадстаўленыя ўнікальныя дакументы і артэфакты, матэрыялы з рукапіснага архіва мастака. Займаўся ён і літаратурнай працай, пісаў вершы, паэмы, апавяданні, артыкулы. На выставе можна пазнаёміцца з аўтографамі яго літаратурных твораў. Яшчэ сярод цікавых экспанатаў — партрэт маці Драздовіча, які раней не выстаўляўся. Падрабязней пра выставу можна пачытаць тут.