Таццяна Грыневіч-Матафонава выступіла ў Слуцку (фота)

У адной з кавярань Слуцку 10 лютага адбылася творчая сустрэча з музыкай і спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай. Арганізавала імпрэзу Слуцкае Таварыства беларускай мовы.

img_0323_logo.jpg


Невялікая ўтульная зала была поўнасцю запоўнена.
У выкананні спявачкі прагучалі песні і рамансы на словы беларускіх паэтаў, а з кампакт-дыскаў — галасы паэтаў, якіх ужо няма ў жывых.

img_0311_1_logo.jpg


Слухачы былі ўражаны чароўным голасам спявачкі, далёка не ўсім даводзілася чуць раней Таццяну. На вачах некаторых жанчын і мужчын блішчэлі слёзы.

img_0320_logo.jpg

Песню-малітву на словы Наталлі Арсенневай «Магутны Божа» жыхары Слуцка слухалі стоячы.

img_0309_3_logo.jpg


Калі мяне запрасілі на канцэрт невядомай спявачкі, я яшчэ сумнявалася: ісці ці не, — дзеліцца ўражаннямі случчанка Наталля Плескацэвіч. Выходжу з канцэрта з дзіўным узнёслым рамантычным настроем і з любоўю да беларускай краіны і яе мовы. Вельмі ўдала падабраны і вершы, і песні. Надзвычай цікава было слухаць галасы нашых памерлых паэтаў, якія абуджаюць светлыя пачуцці. Арганізатары мерапрыемства і спявачка падарылі сапраўднае свята для душы. Вялікі ім дзякуй!
Яшчэ адна жанчына сталага веку, Казловіч Валянціна, распавяла аб цёплай атмасферы канцэрта, якую стварыла Таццяна Матафонава:
Гэта спявачка ад самога Бога, бо сваім голасам і спевамі яна пранікае ў самую душу і робіць нас лепшымі людзьмі, — гаворыць Валянціна. — Музычная сустрэча прымусіла мяне задумацца аб маіх адносінах да роднай мовы. 21 лютага — Дзень роднай мовы, і я паабяцала арганізатарам канцэрта, што ў гэты дзень буду гаварыць толькі на роднай мове. У далейшым збіраюся стаць сябрам Таварыства беларускай мовы.


Сама ж спявачка таксама засталася задаволенай.
У Слуцку я выступала ўпершыню і ўдзячна слуцкай філіі ТБМ за запрашэнне. Таксама я заўсёды ўдзячна людзям, калі бачу іхнія неабыкавыя адносіны да тэксту песень і сардэчны прыём. У мяне засталіся прыемныя ўражанні ад маёй слуцкай публікі, — падзялілася Таццяна.
Фота аўтаркі