Топ-10 фільмаў з удзелам Кэтрын Хёпбэрн, каралевы кіно

12 траўня споўнілася 115 гадоў з дня народзінаў найлепшай акторкі ў гісторыі сусьветнага кінематографу — Кэтрын Хёпбэрн. Яна пачала здымацца ў 25 гадоў і працягвала гэта рабіць на працягу шасці дэкадаў. Апошняя стужка з удзелам Кэтрын пабачыла сьвет у 1994 годзе, а сама акторка пражыла доўгія 96. Мы падрыхтавалі сьпіс з лепшых яе роляў, запрашаем у кінападарожжа.

Кэтрын Хёпбэрн

Кэтрын Хёпбэрн

Кэтрын Хёпбэрн апроч неймавернага таленту мела і прызнаньне ў крытыкаў. Яна рэкордныя чатыры разы атрымлівала ўзнагароду Оскар у намінацыі «Лепшая жаночая роля». За ўсю гісторыю толькі адзінкі атрымалі па тры ўзнагароды як сярод мужчынаў, так і кабетаў. Акрамя гэтага Кэтрын Хёпбэрн атрымлівала акторскія ўзнагароды на кінафэстах у Канах, Вэнецыі, перамагала на прэміі Брытанскай кінаакадэміі.

На нашую думку, менавіта Кэтрын Хёпбэрн зьяўляецца найлепшай акторкай, якая грала ў кіно.

Нумар 10. Рустэр Кёгбарн (Rooster Cogburn). 1975

rooster_cogburn.jpg

Перад намі жорсткі вэстэрн, сюжэт якога хаця і не падасца аматарам жанру звышнаватарскім, але праз сапраўдную магію ўзаемадзеяньня гераіні сёньняшняй падборкі і Джона Ўэйна — увасабленьня фільмаў пра дзікі захад, мы атрымаем вартае кіно.

Гісторыя фільма апавядае пра жорсткую і кемлівую місіянэрку, якая аб'ядноўвае сілы з Рустэрам Кёгбарнам, сівым аднавокім маршалам ЗША, у пошуках справядлівасьці. Дзеяньне адбываецца ў прыгожых суровых краявідах Дзікага Захаду, дзе дуэт сутыкаецца з небясьпечнымі сытуацыямі і стракатай камандай разбойнікаў.

Стужка — глыток сьвежага паветра ў жанры, дзе дамінуюць жорсткія мужчынскія героі.

 

Нумар 9. Адамава рабрына (Adam's Rib). 1949

adam_s_rib.jpg

Гэта клясычная рамантычная камэдыя рэжысэра Джорджа К'юкара. Хёпбэрн грае ў экранным дуэце са сваім каханьнем усяго жыцьця — Спэнсэрам Трэйсі.

У фільме яны таксама граюць пару — замужніх адвакатаў, якія апынуліся па розныя бакі судовай бітвы, калі Хёпбэрн вырашыла абараніць жанчыну, абвінавачаную ў стральбе ў свайго нявернага мужа. Па меры разгортваньня справы асабістае жыцьцё пары пачынае адлюстроўваць эскалацыю напружанасьці ў зале суда.

Дыялёгі, якія займаюць амаль увесь экранны час, не пакінуць вас без эмоцыяў. Дадамо, што час, калі стужка выйшла на экраны — быў далёка не сёньняшнім, але пытаньні роўнасьці мужчыны і жанчыны гучалі тады як ніколі патрэбнымі.

Хто пераможа ў судовым працэсе?

 

Нумар 8. Кабінэтны гарнітур (Desk Set). 1957

desk_set.jpg

І зноў на экране Кэтрын Хёпбэрн і Спэнсэр Трэйсі. У гэтай камедыі мудрагелістае спалучэньне рамантыкі, сьмеху і тэхналягічных інтрыгаў сярэдзіны мінулага стагодзьдзя.

Кэтрын грае кіраўніцу тэлесеткі, якая вымушаная рэагаваць на раптоўнае зьяўленьне новай кампутарнай праграмы, што каардынальна мусіць зьмяніць ранейшыя спосабы працы. А Спэнсэр выконвае ролю таго майстра, які павінен новую тэхналёгію ўкараніць. Чакайце на бясконцыя пікіроўкі галоўных герояў.

Гэта чароўнае кіно, якое адлюстроўвае дух эпохі, і адначасова забясьпечвае задавальненьне для гледачоў усіх узростаў.

 

Нумар 7. Выхаваньне дзеткі (Bringing Up Baby). 1938

bringing_up_baby_1.jpg

Клясычны фільм Ховарда Хоўкса з Кэтрын Хёпбэрн. Яе партнэрам па здымках быў Кэры Грант, і на гэтую пару можна глядзець бясконца. У героя Гранта было заплянаванае вясельле, і на той жа дзень мусіла прыйсьці поштай костка дыназаўра, якая б сталася фінальнай рысай у стварэньні поўнага шкілету старажытнай жывёлы. Такая праца была ў мужчыны. Але напярэдадні яму сустрэлася гераіня Кэтрын Хёпбэрн, якая закруціла яго ў віры новых падзеяў.

Дзетка — такое імя мае леапард, які зьяўляецца ў фільме. Менавіта вакол яго будзе пабудаваныя сцэны карціны. У пэўны момант прывезеная апошняя костка дыназаўра была выкрадзеная сабакам і закапаная недзе на вялікім полі, і толькі леапард Дзетка зможа адшукаць яго. Героі ў сваю чаргу памылкова выпускаюць на волю іншага леапарда, які можа нападаць на людзей.

Выратаваньне — толькі ў вашым сьмеху.

 

Нумар 6. Леў зімою (The Lion in Winter). 1968

the_lion_in_winter_1.jpg

Гістарычная драма пра сярэднявечную Англію. Кэтрын Хёпбэрн, Пітэр О’Тул, а таксама малады Энтані Хопкінс (так, ён калісьці быў не адразу сярэдніх гадоў) выконваюць галоўныя ролі ў фільме Энтані Харві. На экране — 1183 год, калі кароль Англіі зьбіраецца прызначыць свайго спадкаемца на трон. Шмат прэтэндэнтаў, яшчэ больш інтрыгаў, але карона дастанецца камусьці аднаму. Гісторыя, дзе сярод вялікай сям’і ёсьць вялікія пляны, якім спадарожнічае вялікая ўзаемная нянавісьць.

Кэтрын Хёпбэрн грае жонку караля Элеанору Аквітанскую, якая мае ўласныя ідэі што да будучыні манархіі. Дададзім, што каралева Элеанора, як даведваемся напачатку, ужо пасьпела быць палітычнай зьняволенай пасьля спробы замаху на свайго мужа.

 

Нумар 5. На залатой сажалцы (On Golden Pond). 1981

on_golden_pond.jpg

Стужка, галоўныя ролі ў якой выконваюць акторы, якім на дваіх было 150 на момант здымкаў — Кэтрын Хёпбэрн і Генры Фонда. Найлепшая акторка ў гісторыі кінематографа атрымала за гэты фільм сваю чацьвертую ўзнагароду Оскар. Падзеі пачынаюцца ўлетку, а сканчваюцца ўвосень.

Ля сажалкі, абсыпанай гісторыямі сям’і, герой Генры Фонда прадчувае хуткі адыход да вечнасьці, і разам з жонкай запрашаюць правесьці гэты час сваю дачку зь яе сям’ёй. Гэты фільм таксама пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей.

 

Нумар 4. Падводная плынь (Undercurrent). 1946

undercurrent.jpg

Фільм нуар рэжысэра Вінцэнтэ Мінэлі, які паглыбляецца ў сферы саспэнсу, псіхалягічнай інтрыгі і падмурку на рамантычных адносінах. У стужцы зьняліся Кэтрын Хёпбэрн, і зоркі 1940-х Робэрт Тэйлар і Робэрт Мітчум, якія дэманструюць шырыню акторскага майстэрства Кэтрын, калі яна бярэ на сябе больш змрочны і складаны характар, чым яе звычайныя ролі.

Карціна распавядае пра жанчыну, якая выйшла замуж. Аднак яе шчасьце цягнецца нядоўга, бо яна раскрывае змрочныя таямніцы і схаванае мінулае свайго мужа. Гэта прымушае яе паставіць пад сумнеў усё, ува што яна калісьці верыла.

Аднойчы на парозе дома зьяўляецца брат яе мужа, ветэран вайны, пра якога яна не здагадвалася.

 

Нумар 3. Зьнянацку, летась (Suddenly, Last Summer). 1959

suddenly__last_summer.jpg

У кінематографе, які ўвесь час зьмяняецца, лёгка забыць манумэнтальныя фільмы, якія вытрымалі выпрабаваньне часам. Адной з такіх пярлінаў зьяўляецца гэтая захапляльная драма Джозэфа Л. Заснаваны на п'есе знакамітага Тэнэсі Уільямса, фільм можа пахваліцца суперзорным акторскім складам, з Кэтрын Хёпбэрн на чале.

Дзеяньне стужкі разгортваецца на фоне сьпякотнага лета ў Новым Арлеане, вакол закручанай і заблытанай сямейнай сагі, якая разгортваецца як наўпрост, так і ў рэтраспектыўных урыўках. У цэнтры — магутная гераіня Кэтрын Хёпбэрн і яе пляменьніца ў шыкоўным выкананьні Элізабэт Тэйлар.

Іх вельмі складаныя адносіны яшчэ больш ускладняюцца прысутнасьцю псыхіятра, якога грае Мантгомеры Кліфт, які павінны ацаніць стан пляменьніцы пасьля таямнічай сьмерці сына гераіні Хёпбэрн.

Акторы на вышыні сваіх здольнасьцяў кожную хвіліну прымушаюць гледачоў захапляцца гэтым шэдэўрам.

 

Нумар 2. Філадэльфійская гісторыя (The Philadelphia Story). 1940

the_philadelphia_story.jpg

Гэтая камедыя Джорджа К'юкара займае асобнае месца сярод лепшых прадстаўнікоў жанру ў гісторыі.

Кэтрын Хёпбэрн зьзяе тут у ролі маладой сьвецкай ільвіцы, на вясельле якой запрошаныя шматлікія госьці і прэса. Усё мусіць адбыцца праз некалькі дзён, але ў загарадны дом, месца цырымоніі, якая мае адбыцца, прыяжджае былы муж гераіні ў выкананьні Кэры Гранта, а таксама пара незапрошаных журналістаў, якія мараць зрабіць сакавіты рэпартаж. Аднаго зь іх грае выдатны Джэймс Сьцюарт.

Фільм абавязковы для прагляду аматарам вечных рамантычных камедый і клясычнага галівудзкага глямуру.

 

Нумар 1. Доўгі дзень сыходзіць у ноч (Long Day's Journey Into Night). 1962

long_day_s_journey_into_night.jpg

Ідэальны фільм для прагляду ўвечары. Дзеяньне адбываецца ў пачатку ХХ ст. і ахоплівае ўсяго толькі адзін дзень. Але які!

Амаль трохгадзінная драма Сідні Люмэта запросіць нас у падарожжа чалавечай псыхікі ў межах адной сям’і. Стужка пастаўленая па п’есе Юджына А’Ніла, за якую той атрымаў Пулітцэраўскую прэмію. Карціна зьяўляецца адлюстраваньнем схільнасьцей да самаразбурэньня чальцоў канкрэтнай сям'і.

Героі падыходзяць да бурлівага моманту, калі ранейшыя прэтэнзіі больш ня могуць стрымлівацца. Кожны зь іх мае асобную перадгісторыю. Гераіня Кэтрын Хёпбэрн залежная ад марфіну, яе муж, былы знакаміты актор, знаходзіцца ў жыцьцёвым крызысе, адзін іх сын пакутуе на алкагалізм, а іншы — таленавіты пісьменьнік, хворы на сухоты.

Уся горыч павінна праліцца ў гэты доўгі-доўгі дзень.

Кэтрын Хёпбэрн дэманструе жанчыну, якая вельмі ўразьліва ставіцца да ўсіх абставінаў, адначасова займаецца самападманам, а таксама зьяўляецца жорсткай у дачыненьні да іншых.

Талент вялікай акторкі раскрываецца напоўніцу.

Прыемнага прагляду!