У Мінску дзетак будуць частаваць сапраўднай шведскай каляднай кашай

У мінскай кавярні «Грай» 21 снежня адбудзецца прэзентацыя новай кнігі папулярнага шведскага аўтара Свэна Нурдквіста «Калядная каша» ў перакладзе на беларускую мову Надзеі Кандрусевіч. Імпрэза пройдзе ў фармаце вясёлага свята для дзетак і іх бацькоў.

838_kaliadnaja_kasa_1_1024x1024.jpg


У Швецыі на Каляды дзеці чакаюць Каляднага Гнома і гатуюць яму адмысловую калядную кашу з рысу і малака. Але гномы, як і Дзеды Марозы, бываюць сапраўднымі і не. Сапраўдных гномаў ніхто не бачыць, але менавіта яны дапамагаюць людзям і ведаюць пра іх усё. Кожныя Каляды гномы вельмі чакаюць свайго каляднага пачастунку. Што можа здарыцца, калі людзі забываюць пачаставаць гномаў каляднай кашай, вы даведаецеся з кнігі Свэна Нурдквіста «Калядная каша».

838_kaliadnaja_kasa1_1_1024x1024.jpg


Урывак з кнігі прачытае і заспявае свае песні для дзетак Зміцер Вайцюшкевіч. Будзем разам частавацца сапраўднай шведскай каляднай кашай, піць какаву, слухаць казку і забаўляцца.
Перакладчыца гэтай і іншых сучасных шведскіх дзіцячых кніг Надзея Кандрусевіч распавядзе пра сваю працу і адкажа на пытанні.

858_petsan_findus.jpg


На мерапрыемстве таксама будзе прадстаўлены зборнік аўдыёкніг па творах Свэна Нурдквіста «Пэтсан і Фіндус» на трох CD — усе гісторыі вядомага шведскага аўтара (9 кніг) пра прыгоды старога Пэтсана і ягонага катка Фіндуса ў агучцы па-беларуску Ганны Хітрык і Паўла Харланчука.
Імпрэза адбудзецца 21 снежня (чацвер) а 17-й гадзіне ў кавярні «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33). Уваход вольны!