У Берасці пакажуць "Дзяды" Міцкевіча па-беларуску
ХХ Міжнародны тэатральны фестываль "Белая Вежа" адбудзецца ў Берасці з 11-га па 19-га верасня. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным прэс-рэлізе арганізатараў.

Тэатры з 15-ці краін свету пакажуць свае спектаклі на сямі мовах. Гаспадары ж фестывалю, Берасцейскі акадэмічны тэатр драмы і музыкі сумесна з пастановачнай групай з Польшчы, прэзентуюць „Дзяды” па-беларуску.
Рэжысёр Павел Пасіні, які займаецца спектаклем па матывах твору Адама Міцкевіча, кажа:
— Цяжка адказваць на пытанне, якое датычыць спектаклю, бо мы ў працэсе працы. Супольным з’яўляецца тое, што быў такі момант у гісторыі, пра які мы павінны вучыцца казаць не наўпрост, бо пра некаторыя рэчы наўпрост сказаць нельга, а можа нават пэўныя рэчы лепш сказаць не наўпрост, бо яны тады глыбей успрымаюцца.
Два асноўныя накірункі тэатральнай афішы фестывалю — гэта міжнародная праграма і спектаклі беларускіх тэатраў.
Кошты квіткоў на паказы вагаюцца ад 60 да 300 тысяч рублёў.
Спектаклі "Дзяды" мясцовага тэатра драмы і "Паўлінка" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, пройдуць 12-га і 19-га верасня адпаведна.