З Гродзенскага драмтэатра звольнілі яшчэ шасцярых акцёраў

30 кастрычніка з Гродзенскага драмтэатра звольнілі яшчэ шасцярых артыстаў, якія далучыліся да страйку, паведамляе тэлеграм-канал «Культура Гродзеншчыны».

drama.grodno.by

drama.grodno.by

Адміністрацыя тэатра прапанавала ім адклікаць свае заявы і вярнуцца да працоўных абавязкаў. Але артысты адмовіліся.
Таму сёння «ў сувязі з невыкананнем без паважных прычын працоўных абавязкаў» звольненыя «тыя, хто маюць незнятае (непагашанае) дысцыплінарнае спагнанне», артысты Васіль Мініч, Натэла Бялугіна, Анастасія Мучко, Марыя Мялешка, Аляксандр Дзям'янаў, Марыя Бутрымовіч.
Нагадаем, частка артыстаў Гродзенскага драматычнага тэатра абвясцілі пра страйк і запісалі адпаведны відэазварот. Яны казалі, што падзяляюць грамадзянскую пазіцыю звольненых у аўторак рэжысёраў — Генадзя Мушперта і Сяргея Курыленкі. Да страйку далучыліся 7 акцёраў.


У канцы верасня ў Гродзенскім драматычным тэатры быў звольнены вядучы акцёр сцэны Ігар Уланаў. Ён абвясціў гледачам пра тое, што артысты прыпыняюць спектакль з-за таго, што на акцыі пратэсту, якая прайшла ў Гродне 20 верасня, былі затрыманыя іх калегі — заслужаны артыст Беларусі Сяргей Курыленка і яго жонка актрыса Валянціна Харытонава.
Пазней была звольненая «па пагадненні бакоў» актрыса Лізавета Мілінцэвіч.
tut.by