1017-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: у лістападзе расійцы панеслі самыя буйныя страты за ўвесь час вайны
За амаль тры гады Расія страціла каля 750 тысяч чалавек у сваёй захопніцкай вайне супраць Украіны. Аналітыкі мяркуюць, што, пры захаванні такіх тэмпаў страт, яна вымушаная будзе выбіраць паміж вайной і эканомікай.
***
У ноч на 6 снежня аналітыкі праекта «Deep State» абнавілі мапу баявых дзеянняў ва Украіне, паведаміўшы, што расійцы акупавалі Новапустынку, Старыя Церны, Ільінку, Новодзмітраўку ў Данецкай вобласці.
Акрамя таго, гаворыцца ў паведамленні, расійцы прасунуліся ў Курахове, Раманаўцы і каля Успенаўкі.
Напярэдадні Генштаб УСУ паведамляў, што на фронце з пачатку 5 снежня адбылося 170 баявых сутыкненняў.
У прыватнасці, вораг 37 разоў спрабаваў уклініцца ва ўкраінскую абарону на Пакроўскім кірунку.
На Урэмаўскім кірунку сілы абароны адбілі 35 нападаў.
***
Спецыялісты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) паказваюць на тое, што пры прасоўванні па ўкраінскіх тэрыторыях увосень2024 года расійскія войскі гублялі блізу 53 салдат на кіламетр квадратны.
«Крэмль працягвае несці значныя страты ў жывой сіле ў спробе дасягнуць тактычных поспехаў у заходняй частцы Данецкай вобласці за кошт ваенных намаганняў Расіеі і сярэднетэрміновай здольнасці расійскай эканомікі».
Аналітыкі адзначаюць, што Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, спасылаючыся на даныя ўкраінскага Генеральнага штаба, паведаміла 5 снежня, што сярэднясутачныя страты расійскага асабістага саставу ў лістападзе 2024 года дасягнулі новага гістарычнага максімуму — 1 523 загінулых у суткі.
МА Брытаніі адзначыла, што ўпершыню расійскія войскі панеслі крыху больш за 2 000 страт за адзін дзень — 28 лістапада 2024 года.
Паводле ацэнак, расійскія войскі панеслі 45 690 агульных страт на працягу лістапада 2024 года, і брытанскія вайскоўцы адзначаюць, што лістапад 2024 года стаў пятым месяцам запар, калі колькасць расійскіх страт расла.
Паводле геалакацыйных звестак, расійскія войскі прасоўваліся з хуткасцю прыкладна 27,96 квадратных кіламетраў у дзень і захапілі агулам 839 квадратныя кіламетры ва Украіне і Курскай вобласці ў лістападзе 2024 года.
ISW раней паведамляў, што войскі РФ панеслі вялікія страты ў верасні і кастрычніку 2024 года і што страты Расіі склалі прыкладна 80 110 вайскоўцаў у абмен на прыкладна 1 517 квадратных кіламетраў захопленых тэрыторый ва Украіне і Курскай вобласці за гэтыя два месяцы.
Такім чынам, паводле падлікаў экспертаў ISW, расійскія войскі страцілі прыкладна 125 800 чалавек на працягу перыяду інтэнсіўных наступальных аперацый за восень 2024 года пры захопе 2 356 квадратных кіламетраў.
Гэта значыць, гаворыцца ў справаздачы, на квадратны кіламетр захопленай за гэты час украінскай тэрыторыі прыпадае прыкладна 53 расійскіх загінулых вайскоўцаў.
«Абмежаваныя рэсурсы працоўнай сілы Расіі, хутчэй за ўсё, не змогуць вытрымаць такі рост страт у сярэднетэрміновай перспектыве. Далейшая ваенная падтрымка Украіны з боку Захаду застаецца жыццёва важнай для таго, каб Украіна магла наносіць страты такімі тэмпамі.
Імкненне Крамля захаваць ініцыятыву на ўсёй тэрыторыі ваенных дзеянняў ва Украіне і працягваць прасоўванне на ўсходзе Украіны стварыла падвойныя патрабаванні да расійскіх працоўных рэсурсаў.
Дадатковыя намаганні, накіраваныя на павелічэнне колькасці расійскіх войскаў, могуць яшчэ больш дэстабілізаваць расійскую эканоміку, бо Расія працягвае змагацца з дэфіцытам працоўнай сілы і ростам інфляцыі».
Эксперты паказваюць на тое, што расійцы могуць альбо ваяваць ва Украіне, альбо працаваць на ўнутраную эканоміку Расіі, але яны не могуць рабіць і тое, і другое адначасова.
«Крэмль наўрад ці зможа ў дастатковай ступені задаволіць свае патрэбы ў рабочай сіле як у ваеннай сферы, так і ва ўнутранай эканоміцы Расіі ў найбліжэйшай будучыні, а дадатковыя месяцы інтэнсіўных наступальных аперацый ва Украіне ў 2025 годзе і далей толькі ўскладняць расійскія праблемы з рэсурсамі».
Пры гэтым, дадаюць аналітыкі, абавязацельствы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна даць астатнюю наяўную амерыканскую дапамогу Украіне і працяг рэгулярнага прадастаўлення заходняй ваеннай дапамогі Украіне застаецца вырашальным для здольнасці Украіны працягваць абараняцца ад расійскіх наступальных аперацый і наносіць непрымальныя страты расійскім вайскоўцам у 2025 годзе.
***
За амаль тры гады поўнамаштабнага ўварвання колькасць крымінальных вытворчасцей па самавольным пакіданні вайсковай часткі ва Украіне вырасла ў 6 разоў. З 2022 года зарэгістравана 96 тысяч такіх спраў, большасць з іх адкрыта за 2024 год, піша «Bloomberg».
«З 2022 года ва Украіне адкрыта амаль 96 тысяч крымінальных спраў супраць вайскоўцаў, якія пакінулі свае часткі пасля ўварвання Расіі, сведчаць звесткі Офіса генпракурора Украіны. Гэта шасціразовае павелічэнне за апошнія два гады, і большасць спраў была адкрыта ў гэтым годзе».
Bloomberg акцэнтуе ўвагу на тым, што ўкраінская армія спрабуе стрымліваць расійскі наступ, у той час як дэфіцыт чалавечых рэсурсаў становіцца ўсё больш вострым. Адначасова Кіеў спрабуе пазбегнуць прызыву на ваенную службу, які можа падарваць эканоміку і абурыць стомленае ад вайны насельніцтва.
«Як следства, некаторыя войскі разгорнутыя на нявызначаны тэрмін без усялякіх шанцаў на перапынак. Новых войскаў, якія маглі б іх замяніць, не хапае... Украінскі кіраўнік (Уладзімір Зяленскі. — Заўв. рэд.) не вызначыў канчатковага тэрміну дэмабілізацыі, што прымусіла дасведчаных салдат задумацца над тым, чаму яны павінны рызыкаваць сваім жыццём, калі мільёны мужчын — многія з якіх маладзейшыя — не служаць. Для іх сыход становіцца адзінай перадышкай, шанцам аднавіць сілы і заняцца сямейным жыццём», — піша выданне.
«Bloomberg» адзначае, што афіцыйную колькасць салдат, якія самавольна пакінулі вайсковыя часткі, Кіеў не называе. У прыватнасці, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ваеннай службы правапарадку УСУ Аляксандр Грынчук адмовіўся каментаваць «канфідэнцыйную інфармацыю» аб тым, колькі вайскоўцаў самавольна сышлі са службы. У той жа час, ён адзначыў, што ад 40% да 60% усіх, хто самавольна пакінуў частку, вяртаюцца назад.
***
Расія прыменіць любыя сродкі, каб пазбегнуць паразы, заявіў Сяргей Лаўроў у інтэрв'ю Такеру Карлсану, піша «Bild».
«Пасыл палягае ў тым, каб вы, а я маю на ўвазе ЗША і хаўруснікаў ЗША, якія таксама даюць кіеўскаму рэжыму гэтую дальнабойную зброю, зразумелі: мы гатовыя ўжыць любыя сродкі, каб не дазволіць ім дамагчыся таго, што яны называюць стратэгічнай паразай Расіі», — заявіў міністр замежных спраў РФ у інтэрв'ю амерыканскаму журналісту.
Лаўроў таксама падкрэсліў, што на Захадзе здзяйсняюць «вельмі сур'ёзную памылку» калі мяркуюць, што ў Расіі няма «чырвоных ліній» або што гэтыя «лініі» могуць пастаянна перамяшчацца
***
У Данецкай вобласці працягваецца абавязковая эвакуацыя, у рэгіёне застаецца каля 318 тысяч грамадзянскіх асоб, піша «Укрінформ».
Як паведамляе начальнік аддзела аператыўна-дзяжурнай службы, сувязі, апавяшчэння і інфармавання насельніцтва Дэпартамента па пытаннях грамадзянскай абароны, мабілізацыйнай і абароннай працы Данецкай АДА Дзмітрый Петлін, «працягваюцца эвакуацыйныя мерапрыемствы грамадзянскага насельніцтва з тэрыторыі вобласці. З пачатку правядзення гэтых мерапрыемстваў сіламі ўладаў усіх узроўняў, таксама добраахвотніцкіх фарміраванняў, валанцёраў і самастойна з тэрыторыі вобласці было эвакуявана больш за 1 млн. 177 тыс.чалавек.
З іх 187 тыс. — гэта дзеці і больш за 46 тыс. — гэта інваліды.
Паводле стану на цяперашні час, застаецца на тэрыторыі Данецкай вобласці, падкантрольнай украінскай уладзе, каля 318 тыс. чалавек».
Петлін нагадаў, што за час правядзення эвакуацыі на месца пастаяннага пражывання вярталіся і зноў эвакуяваліся ў цэлым каля 243 тыс. чалавек.
***
Раніцай 6 снежня расійцы перакрылі Крымскі мост, у сацсетках паведамляюць пра выбухі ў Керчы.
«Рух аўтатранспарту па Крымскім мосце часова перакрыты, — паведамляе ТГ-канал «Крымскі мост». — Раніцай у Керчы шумна».
Паводле звестак Telegram-канала, у Керчы дрыжаць вокны ад выбухаў.
***
У ноч на 6 снежня расійскія войскі атакавалі Украіну 53 ударнымі БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікамі іншых тыпаў.
«Паводле стану на 7:00 падраздзяленнямі зенітных ракетных войскаў, РЭБ і мабільных агнявых груп Паветраных сіл і Сіл абароны Украіны збіта 32 варожых БПЛА ў Харкаўскай, Палтаўскай, Сумскай, Чарнігаўскай, Кіеўскай і Жытомірскай абласцях. 16 беспілотнікаў былі лакацыйна страчаныя, а 2 паляцелі ў напрамку Беларусі».
Акрамя таго, як паведамляе Генштаб УСУ, страты Расіі за час поўнамаштабнага ўварвання перавысілі 750 тысяч у жывой сіле. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 06.12.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 750 610 (+1 660) чалавек;
- танкаў — 9 514 (+8) адз.;
- баявых браніраваных машын — 19 518 (+46) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 21 043 (+20) адз.;
- РСЗА — 1 253 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 1 020 (+0) адз.;
- самалётаў — 369 (+0) адз.;
- верталётаў — 329 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 20 023 (+46) адз.;
- крылатых ракет — 2 857 (+2) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 30 899 (+56) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3 633 (+3) адз.
***
У Антонаўцы Херсонскай вобласці расійцы скінулі з дрона выбухоўку на аўтамабіль «хуткай дапамогі», у выніку чаго атрымалі траўмы двое медыцынскіх работнікаў, паведаміў кіраўнік Херсонскай АВА Раман Мрочка.
«Паводле звестак следства, 6 снежня 2024 года расійскія вайскоўцы здзейснілі чарговую атаку на Антонаўку з дапамогай беспілотніка. У выніку скіду выбуховага прыстасавання на аўтамабіль "хуткай медыцынскай дапамогі" пацярпелі двое медыцынскіх работнікаў».
Раней Мрочка таксама пісаў, што 62-гадовая медыцынская сястра трапіла пад атаку варожага дрона ў Антонаўцы. Яна атрымала мінна-выбуховую траўму і аскепкавыя раненні. Цяпер ёй аказваюць неабходную дапамогу.
***
ТГ-канал «Беларускі гаюн» паведамляе, што ў ноч на 6 снежня зафіксавана мінімум 10 заходаў расійскіх «шахідаў» у Беларусь з Украіны і РФ. Дроны зноў заходзілі ў Беларусь наўпрост з Расіі, ужо традыцыйна праходзілі праз «беларускі калідор» і рухаліся ў напрамку Гомеля, Лоева і Мазыра.