967-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: NATO гатовае прыняць Украіну?

«План перамогі» Украіны ўключае абавязковы пункт — уступленне ў NATO або наяўнасць ва Украіны ядзернай зброі. Заходнія партнёры вымушаныя задумацца.

Ілюстрацыйнае фота: «Getty Images»

Ілюстрацыйнае фота: «Getty Images»

***

Цяперашняя тэорыя перамогі расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна ва Украіне накіраваная на зацягванне вайны і сцвярджае, што расійскія войскі могуць перажыць заходнюю падтрымку Украіны і зламаць украінскі супраціў, выйграўшы вайну на знясіленне, пішуць спецыялісты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).

Ваенныя аналітыкі падкрэсліваюць, што сярэдне- і доўгатэрміновыя абмежаванні расійскага ваеннага патэнцыялу і ваенна-прамысловай вытворчасці падарвуць здольнасць Расіі падтрымліваць паслядоўныя наступальныя аперацыі, накіраваныя на зацягванне вайны і знясіленне Украіны. 

Пуцін і расійскае ваеннае камандаванне абавязалі сваіх вайскоўцаў цягам года весці наступальныя дзеянні ўздоўж лініі фронту на ўсходзе і паўночным усходзе Украіны, што мае на мэце знясіліць украінскія сілы і не даць Украіне назапасіць неабходную жывую сілу і матэрыяльна-тэхнічныя сродкі для правядзення контрнаступальных аперацый, якія супрацьстаяць расійскай ініцыятыве на ўсім тэатры ваенных дзеянняў.

«Пуцін і расійскае ваеннае камандаванне, імаверна, разглядаюць захаванне ініцыятывы на ўсім тэатры ваенных дзеянняў як стратэгічны прыярытэт і дэманструюць сваю талерантнасць да доўгіх наступальных аперацый, якія прыводзяць да паступовага, паўзучага прасоўвання, далёкага ад запланаваных аператыўных мэт». 

Тэорыя перамогі Пуціна грунтуецца на тым, што расійскія войскі будуць праводзіць паслядоўныя наступальныя аперацыі да бясконцасці, але гэтыя знясільваючыя штурмы, верагодна, настолькі пагоршаць стан расійскай жывой сілы і тэхнікі, што войскі РФ будуць вымушаныя знізіць тэмпы наступу прынамсі на асобных участках фронту, прадастаўляючы ўкраінскім войскам магчымасць пазмагацца і, магчыма, перахапіць ініцыятыву на полі бою на гэтых участках.

ISW назірае пастаяннае паўсюднае павелічэнне фінансавых стымулаў, якія расійскія ўлады прапануюць за заключэнне вайсковага кантракту з Міністэрствам абароны, што сведчыць пра тое, што Расія вычэрпвае рэзервы добраахвотнікаў, якія жадаюць служыць. 

РФ разлічвае на аднаўленне вялікіх, але абмежаваных запасаў тэхнікі савецкіх часоў, каб замяніць значныя страты ва Украіне, і, як уяўляецца, запасы змяншаюцца ўсё больш хуткімі тэмпамі. 

Расійцы выкарыстоўваюць партнёрскія адносіны з Паўночнай Карэяй і Іранам для набыцця боепрыпасаў і ваеннай тэхнікі, а таксама супрацоўнічаюць з Кітайскай Народнай Рэспублікай (КНР) для набыцця крытычна важных кампанентаў для абароннай вытворчасці, але гэтыя міжнародныя закупкі не змогуць задаволіць усе патрэбы Расіі ў матэрыяльна-тэхнічных сродках ва Украіне.

***

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ перад сустрэчай міністраў абароны краін NATO ў Брусэлі 17 кастрычніка заявіў, што Украіна далучыцца да альянса як яго 33-ці ці 34-ты чалец у будучыні. 

Рутэ выступаў на наступны дзень пасля прадстаўлення прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім «плана перамогі», адным з пунктаў якога з'яўляецца атрыманне запрашэння на ўступленне ў NATO. Рутэ ўстрымаўся ад таго, каб сказаць, ці сталі дзяржавы альянса больш добразычлівымі да прапановы такога запрашэння Украіне.

***

Выведка Вялікабрытаніі, прааналізаваўшы ўдар па Феадасійскім марскім нафтавым тэрмінале ў акупаваным Крыме 7 кастрычніка, адзначыла, што Украіна паступова працягвае падрываць расійскі ваенны патэнцыял на паўвостраве.

Брытанскія выведнікі адзначылі, што 7 кастрычніка 2024 года Украіна нанесла ўдар па Феадасійскім марскім нафтавым тэрмінале ў акупаваным Расіяй Крыме. Гэты тэрмінал ужо быў абстраляны ў сакавіку 2024 года ўкраінскімі беспілотнымі лятальнымі апаратамі.

У аглядзе акцэнтавалі ўвагу на тым, што цэлі, якія былі паражаныя ў 2024 годзе, таксама ўключалі сістэмы супрацьпаветранай абароны, аэрадромы, камандныя цэнтры, ваенна-марскія аб'екты, аб'екты лагістыкі і пераправу праз Керчанскі праліў.

***

Сілы абароны Украіны аднавілі пазіцыі ў раёне Ліпцаў Харкаўскай вобласці, паведамляе ТГ-канал «Deep State»Аднак вораг прасунуўся каля Нью-Ёрка, Кацярынаўкі, Сялідава і Новасялідаўкі.

За мінулыя суткі на фронце адбылося 163 баявыя сутыкненні, 52 штурмы расійцы накіравалі на Курахоўскі кірунак, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУУначы 17 кастрычніка расійскія войскі атакавалі Украіну 56 ударнымі БпЛА і беспілотнікамі неўстаноўленага тыпу, а таксама кіраванай авіяцыйнай ракетай «Х-59». 22 варожыя дроны ўдалося знішчыць, 27 былі лакацыйна страчаныя, яшчэ 2 накіраваліся ў бок Беларусі.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ Сілы абароны Украіны абясшкодзілі больш за 674 тысячы акупантаў, больш за 19,5 тысячы артылерыйскіх сістэм і 9 014 танкаў. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 17.10.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 674 270 (+1 420) чалавек;
  • танкаў — 9 014 (+17) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 18 002 (+33) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 19 510 (+51) адз.;
  • РСЗА — 1 232 (+1) адз.;
  • сродкаў СПА — 978 (+0) адз.;
  • самалетаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 329 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 17 104 (+54) адз.;
  • крылатых ракет — 2 620 (+8) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 26 815 (+83) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 446 (+5) адз.

***

Раніцай 17 кастрычніка расійскія вайскоўцы скінулі выбухоўку з дрона ў Дняпроўскім раёне Херсона, у выніку чаго паранены 42-гадовы мужчына, паведаміла Херсонская АВА.

«Раніцай расійцы атакавалі з дрона Дняпроўскі раён Херсона. З-за скіду выбухоўкі з БпЛА 42-гадовы мужчына атрымаў выбуховую траўму, раненні рукі і нагі».

Паведамляецца, што пацярпелага даставілі ў бальніцу для аказання меддапамогі.

***

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» сцвярджае, што ноччу 17 кастрычніка мінімум 4 расійскія «Шахеды» заляцелі на тэрыторыю Беларусі, і яшчэ прынамсі 7 раней прайшлі транзітам; Беларусь падымала ў паветра авіяцыю Ваенна-паветраных сіл.

«За мінулую ноч у Беларусь з Украіны заляцелі не менш за 4 расійскія дроны-камікадзэ тыпу "Шахед". Першы з іх заляцеў праз г.п. Камарын у раёне 23:34, а за ім у той жа лакацыі рушыў услед наступны ў 23:43».

Паведамляецца, што абодва «Шахеды» праз некалькі хвілін пакінулі паветраную прастору Беларусі і паляцелі ў раён Чарнобыля.

«Пазней яшчэ два расійскія беспілотнікі зайшлі ў Беларусь — блізу 00:35 у раёне Любеча — і рухаліся ў кірунку Прыпяці, а потым, імаверна, таксама паляцелі ва Украіну.  

Аднак паветраныя сілы УСУ ў сваёй штодзённай зводцы паведамілі, што два БПЛА выйшлі з паветранай прасторы Украіны ў кірунку Беларусі — г.зн. паляцелі ў РБ. На бягучы момант не ясна, пра якія менавіта БПЛА ідзе гаворка: пра тыя, што заляцелі ў 00:35, ці пра нейкія іншыя», — піша «Беларускі Гаюн».

Паводле звестак шэрагу маніторынгавых каналаў, у прамежку паміж 19:28 — 20:50 16 кастрычніка не менш за 7 БПЛА неўстаноўленага тыпу заляцелі ва Украіну (у Кіеўскую і Чарнігаўскую вобласці) з боку Беларусі.

«Беларускі Гаюн» мяркуе, што гэтыя беспілотнікі праходзілі Беларусь транзітам, а запуск ажыццяўляўся з Бранскай вобласці Расіі.

Таксама паведамляецца, што ў Гомельскай вобласці Беларусі фіксавалі дзяжурную авіяцыю ВПС РБ — знішчальнік з Баранавічаў вылецеў каля 00:45 і да 2:00 вярнуўся назад на базу.

***

Расія мае намер прыцягнуць каля 10 тысяч салдат з Паўночнай Карэі для вайны супраць Украіны, заявіў Уладзімір Зяленскі.

Ён нагадаў, што ёсць звесткі выведкі пра тое, што паўночнакарэйскія афіцэры ўжо знаходзяцца на часова акупаваных тэрыторыях Украіны і трэніруюцца сумесна з расійскімі салдатамі.

«Не ведаю, якая колькасць афіцэраў, але ёсць даныя выведкі, што Расія разлічвае на такое ўзмацненне, паколькі яна не паспявае з мабілізацыяй, таму што шмат страчвае на полі бою і настроі такія ў грамадстве, што яны супраць мабілізацыі. Менавіта таму ён (кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін. Заўв. рэд.) шукае знешнюю падтрымку. Я ведаю, што ёсць намер падрыхтаваць 10 тысяч салдат з розных родаў войскаў».

Паводле слоў Зяленскага, таксама ёсць звесткі, што «цяпер ужо Паўночная Карэя рыхтуе кантынгент, каб адаслаць і каб яны ваявалі супраць Украіны».

«Гэта вельмі надзённая рэч. Таму што гэта ўжо фактычна афіцыйнае пацвярджэнне таго, што другая краіна ўцягваецца ў вайну і побач з Расіяй будзе ваяваць супраць Украіны ў якасці кантынгенту. Гэта крок сур'ёзны», — падсумаваў Зяленскі.