968-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: 135 «шахедаў» атакавалі Украіну гэтай ноччу
Расія працягвае весці захопніцкую вайну супраць Украіны. У медыя з'яўляецца інфармацыя, што Пуцін спрабуе падключыць да баявых дзеянняў салдат з Паўночнай Карэі.
***
У Адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна заявілі, што сярод членаў NATO пакуль няма кансенсусу адносна таго, каб прапанаваць Украіне запрашэнне на ўступленне ў альянс. У той жа час у ЗША хочуць дамагчыся ад іншых партнёраў «такой жа тэрміновасці і ўнёску» па дапамозе Украіне, як у Злучаных Штатаў, паведамляе сайт Белага дома.
«Сярод членаў NATO працягваецца дыскусія аб запрашэнні. Пакуль няма кансэнсусу адносна таго, каб прапанаваць Украіне запрашэнне. Але, як вы ведаеце, на саміце NATO ўсяго толькі пару месяцаў таму — у ліпені, у сярэдзіне ліпеня — усе 32 чальцы альянса пацвердзілі, што Украіна знаходзіцца на незваротным шляху да сяброўства ў NATO. Такім чынам, пытанне заключаецца ў тактыцы таго, як заахвочваць гэты шлях і як дасягнуць кансенсусу адносна наступных крокаў».
Прадстаўнік адміністрацыі Байдэна заявіў, што «прэзідэнт хоча, каб Украіна перамагла, і мы забяспечым гэтыя намаганні належнымі рэсурсамі».
«Менавіта таму прэзідэнт заклікаў да сустрэчы на ўзроўні лідараў абароннай кантактнай групы з Украінай, або так званага «Рамштайнскага саміту» — і гэтая сустрэча адбудзецца ў бліжэйшы час — для таго, каб выклікаць такую ж тэрміновасць і ўнёсак з боку некаторых нашых саюзнікаў і партнёраў, каб мы маглі працягваць гэта рабіць», — сказаў ён.
Прадстаўнік адміністрацыі Байдэна адзначыў, што цяпер адбываецца «актыўная размова пра розныя элементы» ўкраінскага «плана перамогі». У прыватнасці, ён згадаў пра працу над пытаннем, што тычацца карысных выкапняў, аднак не ўдакладніў дэталяў.
***
Амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» адзначае прасоўванне ўкраінскіх войскаў каля Тарэцка і Пакроўска, а расійскіх – у Курскай вобласці і паблізу Часавага Яра, Пакроўска і Курахова.
Як гаворыцца ў матэрыяле ISW, украінскія сілы нядаўна вярнулі сабе тэрыторыю ў межах Тарэцка на фоне працягу расійскіх наступальных аперацый у гэтым раёне. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 15 кастрычніка, паказваюць на тое, што ўкраінскія сілы нядаўна аднавілі пазіцыі ў цэнтры Тарэцка.
У той жа час адзначаецца, што расійскія войскі 16 і 17 кастрычніка працягвалі наступальныя аперацыі паблізу Тарэцка, на поўдзень ад Тарэцка каля Няліпаўкі, на захад ад Тарэцка каля Шчарбінаўкі і на паўднёвы захад ад Тарэцка каля Сухой Балкі.
ISW таксама паведамляе, што расійскія сілы нядаўна прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Пакроўска, а ўкраінскія сілы – на ўсход ад Пакроўска. Геалакацыйныя звесткі, апублікаваныя 17 кастрычніка, паказваюць на тое, што расійцы, якія дзейнічаюць на паўднёвы ўсход ад Пакроўска, нядаўна атрымалі перамогу ва Усходняй Лісоўцы (на захад ад Новагродаўкі), захапілі водаачышчальныя збудаванні на захад ад Новагродаўкі і прасунуліся ўздоўж ветравой паласы на паўднёвы захад ад Сялідава.
Пры гэтым геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 17 кастрычніка, паказваюць на тое, што ўкраінскія сілы нядаўна аднавілі нязначныя пазіцыі паблізу Мікалаеўкі (на ўсход ад Пакроўска і на захад ад Гродаўкі).
Разам з тым, у Курскай вобласці расійскія войскі прасунуліся на заходні бок украінскага выступу. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 17 кастрычніка, паказваюць на тое, што войскі РФ прасунуліся на поўдзень ад Зялёнага Пуці (на паўднёвы ўсход ад Каранёвага).
ISW таксама паведамляе пра прасоўванне расійскіх войскаў у межах і на паўднёвы ўсход ад Часавага Яру, а таксама на ўсход ад Курахова.
***
У выведцэнтры Сіл абароны Эстоніі мяркуюць, што ўдзел паўночнакарэйскіх салдат у вайне РФ супраць Украіны не зменіць сітуацыю на фронце.
Кіраўнік выведцэнтра Сіл абароны Эстоніі палкоўнік Антс Ківісельг пракаментаваў паведамленні аб адпраўцы Паўночнай Карэяй салдат у Расію для падтрымкі яе агрэсіі ва Украіне, што, на яго думку, сведчыць пра праблемых Расіі з падтрыманнем інтэнсіўнасці ваеннай актыўнасці.
«У публічных паведамленнях гаворыцца пра тое, што колькасць паўночнакарэйскіх падраздзяленняў можа дасягаць 10 тысяч салдат і цяпер яны знаходзяцца ва Усходняй вайсковай акрузе Расійскай Федэрацыі. Ёсць таксама паведамленні пра стварэнне падраздзялення колькасцю каля 3 тысяч чалавек на базе дэсантна-штурмавой брыгады, укамплектаванай паўночнакарэйцамі, якая, верагодна, у будучыні будзе дзейнічаць у Курскай або Бранскай абласцях», — сказаў Ківісельг.
«У той жа час магчымая адпраўка Паўночнай Карэяй на ўкраінскі фронт такіх сіл — 3 тысячы чалавек або 10 тысяч чалавек — не прынясе нейкіх істотных змен на полі бою. Аднак, калі гэта працягнецца на працягу больш доўгага перыяду часу, то гэта можа адыграць істотную ролю ў будучых баях», — сказаў палкоўнік.
Прадастаўленне ваеннай дапамогі Расіі дае кіраўніцтву Паўночнай Карэі і Ірана магчымасці выкарыстоўваць яе ў сваіх інтарэсах, растлумачыў Ківісельг.
«Гэта дае Ірану і Паўночнай Карэі магчымасць патрабаваць ад РФ эксклюзіўных гарантый бяспекі або тэхналагічнай інфармацыі, якая заставалася недаступнай дагэтуль і якую гэтыя краіны змогуць выкарыстоўваць у будучыні, — заявіў кіраўнік выведкі Сіл абароны Эстоніі. — Таксама вайскоўцы, якія ўдзельнічаюць у баях на тэрыторыі Украіны ці Расійскай Федэрацыі, атрымаюць ваенны досвед, які змогуць выкарыстоўваць супраць сваіх суседзяў у сваім рэгіёне».
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ раней заявіў, што не можа пацвердзіць удзел паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях ва Украіне.
Злучаныя Штаты перад гэтым заявілі, што занепакоеныя паведамленнямі пра магчымы ўдзел паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у поўнамаштабным уварванні ва Украіну на баку Расіі.
Перад гэтым прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў КНДР у перакідцы асабістага саставу ў Расію, заявіўшы са спасылкай на выведку «пра фактычны ўдзел Паўночнай Карэі ў вайне ва Украіне».
***
На фронце за мінулыя суткі адбылося 210 баявых сутыкненняў з акупантамі, больш за ўсё на Курахоўскім і Пакроўскім кірунках, паведамляе Генеральны штаб УСУ.
«Сітуацыя на фронце застаецца напружанай. Праціўнік, выкарыстоўваючы сваю перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, бесперапынна атакуе нашы пазіцыі. Украінскія абаронцы стойка стрымліваюць націск акупантаў і наносяць ворагу максімальныя страты. Увогуле за мінулыя суткі зафіксавана 210 баявых сутыкненняў».
Што датычна мапы баявых дзеянняў, то, паводле звестак «DeepState», расійскія акупанты прасунуліся ў Часавым Яры, Максімільянаўцы і ў Цукурыне Данецкай вобласці. Гэты кірунак цяпер адзін з самых актыўных на фронце.
Акрамя таго, у ноч на 18 кастрычніка расійцы атакавалі Украіну 135 ударнымі беспілотнікамі, 80 беспілотнікаў атрымалася знішчыць, 44 былі лакальна страчаныя, 2 паляцелі ў Беларусь, яшчэ па 10 дронах вялася баявая праца.
У выніку супрацьпаветранага бою збіта 80 варожых БпЛА ў Адэскай, Сумскай, Чаркаскай, Кіеўскай, Жытомірскай, Кіраваградскай, Чарнігаўскай, Палтаўскай, Хмяльніцкай, Ровенскай, Харкаўскай, Херсонскай, Валынскай, Вінніцкай абласцях.
Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі адмінусавалі 1 530 расійскіх акупантаў, спалілі 13 танкаў, 23 артылерыйскіх сістэм і 51 ББМ. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 18.10.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 675 800 (+1 530) чалавек;
- танкаў — 9 027 (+13) адз.;
- баявых браніраваных машын — 18 053 (+51) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 19 533 (+23) адз.;
- РСЗА — 1 232 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 978 (+0) адз.;
- самалётаў — 369 (+0) адз.;
- верталётаў — 329 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 17 152 (+48) адз.;
- крылатых ракет — 2 620 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 26 908 (+93) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3 448 (+2) адз.
***
За мінулыя суткі акупанты нанеслі 234 удары па 9 населеных пунктах Запарожскай вобласці, атакавалі населеныя пункты 118 беспілотнікамі рознай мадыфікацыі, паведамляе кіраўнік Запарожскай вобласці Іван Фёдараў.
Паводле слоў Фёдарава, войскі РФ нанеслі 3 авіяцыйныя ўдары па Рабоціне.
Акрамя таго, 118 БпЛА рознай мадыфікацыі атакавалі Лабкова, Гуляйполе, Новаандрэеўку, Новаданілаўку, Рабоціна, Малую Такмачку, Малінаўку і Ляваднае.
Таксама 8 абстрэлаў расійскіх РСЗА накрылі Лабкова, Новаданілаўку, Новаандрэеўку і Рабоціна.
Захопнікі ажыццявілі 105 артабстрэлаў па тэрыторыі Лабкова, Гуляйполя, Новаандрэеўкі, Новаданілаўкі, Рабоціна, Малой Такмачкі, Малінаўкі, Ляваднага і Новамікалаеўкі.
«Паступіла 4 паведамленні аб разбурэнні жылых дамоў і аб'ектаў інфраструктуры. Мірныя жыхары не пацярпелі».
***
У вёсцы Станіслаў Херсонскай вобласці расійцы атакавалі з дрона аўтамабіль хуткай дапамогі, паведамілі ў Херсонскай абладміністрацыі.
«У Станіславе акупацыйныя войскі атакавалі машыну "хуткай". На шчасце, медработнікі не пацярпелі».
Таксама адзначаецца, што праз скід выбухоўкі з БПЛА транспартны сродак атрымаў пашкоджанні.
***
На тэрыторыю Беларусі з Украіны зайшлі расійскія ўдарныя БпЛА, з аэрадрома «Баранавічы» паднімаўся знішчальнік, піша аналітычны праект «Беларускі Гаюн».
Паводле даных маніторынгавых сайтаў, два БпЛА тыпу «Шахед» прайшлі пасёлак Камарын і вярнуліся ва Украіну праз Чарнобыльскую зону.
Яшчэ адзін робат заляцеў у раён Любеча.
У 2:18 аналітыкі паведамілі, што яшчэ 2 беспілотнікі зайшлі ў Беларусь з Чарнігаўскай вобласці, а потым яшчэ два. Пра іх вяртанне на тэрыторыю Украіны не паведамляецца.
***
Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі ў каментары «the War Zone» Кірыл Буданаў пацвердзіў, што блізу 11 тысяч паўночнакарэйскіх пяхотнікаў цяпер праходзяць падрыхтоўку на ўсходзе Расіі.
Кіраўнік ГУР адзначыў, што гэтыя войскі павінны быць гатовыя да баявых дзеянняў з 1 лістапада, выкарыстоўваючы расійскую тэхніку і боепрыпасы. Першае падраздзяленне з 2600 салдат будзе адпраўлена ў Курскую вобласць. Пра далейшыя планы перамяшчэння астатніх паўночнакарэйскіх войскаў інфармацыя пакуль адсутнічае.
«У нас цяпер няма поўнай карціны», — дадаў Буданаў.
***
У верасні ва Украіне загінулі прынамсі 208 грамадзянскіх асоб і 1220 атрымалі раненні, што стала самым высокім паказчыкам ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва за 2024 год, паведаміла маніторынгавая місія ААН па правах чалавека.
Паводле справаздачы, колькасць ахвяр сярод грамадзянскіх працягвае расці з ліпеня, а верасень стаў месяцам з найбольшай колькасцю загінулых і параненых.
У арганізацыі заявілі, што 46% загінулых украінцаў былі старэйшыя за 60 гадоў. Акрамя таго, у верасні загінулі 9 дзяцей і 76 атрымалі раненні.
Асноўнымі прычынамі называюцца ракетныя абстрэлы па тэрыторыі ўсёй краіны і выкарыстанне авіяцыйных бомб, асабліва ў Харкаве і Запарожжы, якія прывялі да вялікай колькасці ахвяр.
«Паблізу лініі фронту на атакі з выкарыстаннем беспілотных лятальных апаратаў прыйшлася значная частка ахвяр. На тэрыторыі Херсонскай вобласці, якая кантралюецца ўрадам Украіны, палова ахвяр сярод грамадзянскіх асоб была выкліканая нападамі БПЛА. Дроны таксама наносілі ўдары па грамадзянскіх асобах у акупаваных Данецку і Горлаўцы (Данецкая вобласць)».
Пераважная большасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва (92%) і пашкоджанні адукацыйных і медыцынскіх устаноў (96%) у верасні працягвалі адбывацца на кантраляванай Украінай тэрыторыі.