Амбасадар ЕС у Беларусі Дзірк Шубель развітаўся з беларусамі

Скончыўся мандат кіраўніка Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. На развітанне Дзірк Шубель пакінуў у сваім фэйсбуку кранальны допіс.

Былы амбасадар ЕС у Беларусі Дзірк Шубель. Фота: facebook.com

Былы амбасадар ЕС у Беларусі Дзірк Шубель. Фота: facebook.com


«Дарагія беларускія сябры, паважаныя калегі, якія займаюцца Беларуссю, і шаноўныя сябры Беларусі!
Пасля трох гадоў знаходжання на пасадзе тэрмін майго мандата амбасадара ЕС у Беларусі падышоў да сканчэння. Беларускія ўлады вырашылі не працягваць мне візу і акрэдытацыю яшчэ на год, што вельмі ўскладняе рэалізацыю майго мандата. Я вельмі шкадую аб гэтым рашэнні, бо быў гатовы працягваць працу з Беларуссю ў якасці амбасадара і нават спадзяваўся вярнуцца ў Мінск, каб там правесці апошні год свайго знаходжання на пасадзе.
Калі я прыступіў да сваіх абавязкаў у верасні 2019 года, двухбаковыя адносіны паміж ЕС і Беларуссю ў цэлым мелі станоўчую дынаміку. Пасля гэтага адбылося каласальнае пагаршэнне нашых адносін з-за абуральных парушэнняў правоў чалавека і міжнароднага права з боку беларускіх улад напярэдадні, у сам дзень і асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. У якасці кіраўніка Прадстаўніцтва ЕС і мясцовага Старшыні ЕС я выконваў свой абавязак, увесь час даводзячы афіцыйную пазіцыю ЕС адносна фальсіфікацыі выбараў і пастаяннага прымянення сілы супраць невінаватых людзей адказным службовым асобам з беларускага боку і падтрымліваючы народ Беларусі ў яго шчырых памкненнях да дэмакратыі і захавання правоў чалавека. У наступныя месяцы былі здзейснены новыя абуральныя парушэнні міжнароднага права, такія як незаконная прымусовая пасадка рэйса «Ryanair», які праходзіў па ўнутраным для ЕС маршруце, і арганізацыя ўладамі штучных патокаў нерэгулярных мігрантаў у ЕС праз Беларусь. Сітуацыю, вядома, яшчэ больш пагоршыла бедства поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну і датычнасці да яго беларускага рэжыму.
На сёння ў Беларусі налічваецца больш за 1340 палітычных зняволеных, чыйго неадкладнага і безумоўнага вызвалення мы працягваем патрабаваць. Лідар беларускіх праваабаронцаў Алесь Бяляцкі стаў адным з лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру сёлета. Гэтая навіна прыўнесла ў змрок нашага часу прамень надзеі, надзеі на тое, што Алесь атрымае даўно заслужаную ўзнагароду асабіста.
Апроч усіх драматычных падзей, якія вызначылі мой тэрмін у якасці амбасадара ЕС у Беларусі, у мяне засталося шмат станоўчых успамінаў — пра прыгажосць краявідаў і прыязных, гасцінных і таленавітых беларусаў, з якімі ў мяне была магчымасць пазнаёміцца. Я хацеў бы працягваць у самой Беларусі свае шматлікія сустрэчы і сяброўскія адносіны, якія я здолеў наладзіць за апошнія тры гады. І я ўпэўнены, што прыйдзе дзень, калі я змагу вярнуцца ў Беларусь для гэтага і што гэта будзе тая Беларусь, пра якую мараць многія беларусы — краіна, у якой пануюць дэмакратыя і вяршэнства права і дзе народ можа дэмакратычна і свабодна выбіраць сваіх лідараў. Я бачу велізарны нявыкарыстаны патэнцыял і таму зусім не сумняваюся, што краіну, якую я вельмі палюбіў, чакае цудоўная будучыня.
Я дзякую сваім калегам у Прадстаўніцтве, усім дыпламатычным калегам з дзяржаў-членаў ЕС і "краін-аднадумцаў" за іх нязменную падтрымку і супрацоўніцтва на працягу гэтых гадоў. Мае новыя абавязкі не адвядуць мяне далёка ад Беларусі — наадварот, на мінулым тыдні я быў прызначаны Спецыяльным пасланнікам ЕС па «Усходнім партнёрстве», у якое, вядома ж, уваходзіць і Беларусь. У той час як улады вырашылі прыпыніць свой удзел у ініцыятыве, само сабой зразумела, што краіна і яе дэмакратычны рух на чале са Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, іх шматлікімі паплечнікамі, грамадзянскай супольнасцю і беларускім народам у цэлым будуць працягваць атрымліваць падтрымку ад ЕС, якую яны заслугоўваюць. А пакуль я пакідаю Прадстаўніцтва ЕС у Мінску ў надзейных руках Эвеліны Шульц, якая выконвае абавязкі кіраўніка Прадстаўніцтва. Я спадзяюся падтрымліваць сувязь з многімі з вас і жадаю ўсім беларусам усяго найлепшага ў гэты складаны час. Жыве Беларусь! Жыве вечна!»