Андрэй Саннікаў: NATO разглядае Беларусь як патэнцыйнага супраціўніка

Афіцыйны Мінск разам у Расіяй застаюцца патэнцыяльнымі апанентамі Захаду.

Андрэй Саннікаў падчас наведвання фрэгатаў NATO ў Таліне

Андрэй Саннікаў падчас наведвання фрэгатаў NATO ў Таліне


Пра гэта charter97.org заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, каментуючы свой удзел у Талінскай канферэнцыі аб бяспецы.
— Вы ўжо не першым разам бераце ўдзел у канферэнцыях аб бяспецы ў Таліне. Чым гэта канферэнцыя адрознівалася ад папярэдніх?
— Па-першае, гэта юбілейная канферэнцыя ў Таліне, дзясятая.
Па-другое, гэта была астатняя канферэнцыя з удзелам Тоамаса Хендрыка Ільвеса ў якасці прэзідэнта Эстоніі. Ён стаяў ля вытокаў гэтага мерапрыемства, пад яго патранажам праходзілі ўсе дзесяць канферэнцый у Таліне. Апошняя канферэнцыя супала з заканчэннем ягонага прэзідэнцкага тэрміну.
— Сыход Тоамаса Хендрыка Ільвеса адаб'ецца на працы наступных канферэнцый аб бяспецы?
— Адаб'ецца ў тым плане, што ў Эстоніі ўнікальны прэзідэнт, які не «пільнуе» свой статус, а актыўна ўдзельнічае ў канферэнцыі, стала знаходзячыся ў зале, задаючы пытанні, каментуючы выступы.
— Ці казалі на канферэнцыі пра Беларусь?
— Беларускае пытанне, безумоўна, не было галоўным, але ўздымалася ўскосна. Былі пытанні аб Беларусі, звязаныя з тым, што адбываецца з бяспекай у нашым рэгіёне.
Цікавае пытанне было ўзнятае падчас прэзентацыі справаздачы аб ролі NATO ў Балтыі: як NATO сёння ставіцца да Беларусі — нейтральна, як да апанента ці як да хаўрусніка Расіі?
Адказ прагучаў адназначна: на гэты момант NATO пры планаванні разглядае Расію і Беларусь як дзве дзяржавы, якія займаюць аднолькавую пазіцыю ў дачыненні да NATO. Гэта значыць — як патэнцыйнага супраціўніка.
— Гэта значыць аналітыкі NATO разумеюць, што ў вайсковым плане рэжым Лукашэнкі шчыльна звязаны з Расіяй?
— Вядома, разумеюць. Натуральна, у NATO ёсць кантакты з афіцыйным Менскам і яны бачаць, што ў дачыненні да NATO рэжым цалкам падтрымлівае Крэмль. Гэта, дарэчы, пацвердзілі і апошнія заявы кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова ў Менску.
— Казалі пра Беларусь у «кулуарах»?
— Вядома, там было шмат сяброў, людзей, якія добра ведаюць сітуацыю ў Беларусі. Былі палітыкі, якія прадметна займаюцца нашай краінай.
Я сустрэўся з памочнікам намесніка міністра абароны ЗША Майклам Карпентэрам, які надоечы быў у Беларусі.
Было цікава даведацца ягонае меркаванне і з першых вуснаў пачуць пра мэты і вынікі ягонай паездкі.
Высветлілася, што паведамленні аб гэтым візіце ў афіцыйнай прэсе і нават у незалежных СМІ былі не зусім дакладнымі. Заявы пра тое, што Пентагон нібыта будзе вызначаць палітыку ў дачыненні да Беларусі, далёкія ад рэальнага становішча рэчаў.
Афіцыйныя СМІ раздулі той факт, што Карпентэр сустрэўся з Лукашэнкам, і нават незалежныя медыі пісалі, што гэта нейкі «паваротны момант». Іх ацэнкі былі заўчаснымі. З размовы з Карпентэрам я не адчуў, што погляды ЗША на палітыку рэжыму неяк моцна змяніліся.
Былі таксама размовы пра Беларусь з заходнімі палітыкамі, міністрамі замежных спраў, парламентарыямі, аналітыкамі, журналістамі.
Я скарыстаўся сітуацыяй і перадаў сваю кнігу «Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры» усім, каму хацеў. Магу сказаць, што сёння яна ёсць ва ўсіх трох міністраў замежных спраў краін Балтыі.
— На сваёй станіцы ў Фэйсбуку вы размясцілі фатаграфіі вайсковых караблёў NATO, а таксама здымкі з Нарвы. Што там адбывалася?
— У гэтым годзе для ўдзельнікаў канферэнцыі была арганізаваная паездка ў Нарву. Гэта ўнікальнае месца, на мяжы з Расіяй. Было вельмі цікава даведацца, як там сёння жывуць людзі.


Магу адразу сказаць: прысутнасць «рускага свету» адчувалася дастаткова моцна. Але, што цікава: цяперашнія паводзіны Расіі затармазілі, і нават пахавалі, перспектыўныя інвестыцыйныя праекты. У Нарве планавалася стварыць вялікі цэнтр — культурны, гандлёвы, забаўляльны, у разліку на вялікую колькасць расійскіх турыстаў, якія актыўна наведвалі горад да вайны Расіі супраць Украіны. Цяпер гэтыя планы замарожаныя, інвестары ад іх адмаўляюцца.
Цікавым было наведванне двух фрэгатаў NATO: "Alvaro de Bazan" і "HMS Iron Duke", іспанскага і англійскага, якія акрамя Таліна будуць заходзіць яшчэ ў Рыгу і ў Клайпеду.
Маракі былі дастаткова шчырыя. Яны падрабязна распавялі пра караблі і пра вайскова-марскія вучэнні. Мы ведаем, што цяпер пачасціліся правакацыі расійскіх ВПС над Балтыкай. Цікавая была ацэнка афіцэрамі NATO іх дзеянняў. Марскія афіцэры адразу сказалі: расійскія самалёты пакуль не маюць рэальнай пагрозы, гэта проста авантурна, безадказныя паводзіны.
У той жа час яны падкрэслілі: калі расійскія самалёты пяройдуць мяжу і пачнуць рэальна пагражаць, то адказ будзе неадкладным.