Андрэй Саннікаў: У Расіі адбылася нацыянальная трагедыя

На тэрыторыі былога Савецкага Саюза існуе кааператыў дыктатараў, які мэтанакіравана дзейнічае супраць Захаду і члены якога звязаныя паміж сабой кругавой парукай, лічыць Андрэй Саннікаў.

x_2f57897d_1__logo_1.jpg


Пра гэта Charter97.org заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», Андрэй Саннікаў у каментары прэзідэнцкіх «выбараў» у Расіі.

— Як вы ацэньваеце палітычнае мерапрыемства, якое прайшло ў Расіі 18 сакавіка?

— У Расіі адбылася нацыянальная трагедыя, якую ніяк выбарамі назваць нельга. Гэта працяг захопу ўлады Пуціным і ягоным рэжымам. Можна толькі абвяшчаць жалобу з нагоды такой падзеі.

— Чым небяспечнае для свету прызначэнне Пуціна на чацвёрты тэрмін?

— Гэта вельмі небяспечна. Ва ўладзе знаходзіцца маньяк з ядзернай, хімічнай, біялагічнай зброяй, які здольны выкарыстаць яе ў кожным месцы свету. Трэба вельмі сур'ёзна ставіцца да гэтай сітуацыі, перш за ўсё Захаду. Таму што толькі заходнія краіны сёння маюць нейкія рычагі ўздзеяння на сітуацыю.

Нерашучасць Захаду будзе цяпер толькі павялічваць небяспеку для ўсяго свету. Тут патрэбна і расійскай апазіцыі сказаць сваё слова. Нягледзячы на рознагалоссі, ім неабходна даць адзіную і, пажадана, супольную ацэнку гэтым «выбарам» як несапраўдным. Гэта і будзе асновай іх далейшай дзейнасці.

Захаду перш за ўсё не варта ні віншаваць, ні як-небудзь афіцыйна прызнаваць гэтыя выбары, а думаць пра тое, як абараніць сябе і свет ад той небяспекі, якая зыходзіць ад пуцінскага рэжыму.

— Якія канкрэтна захады для сваёй абароны можа распачаць заходняя цывілізацыя?

— Было відаць, што ўплыў Расіі на Захадзе павялічваецца, што мэта Пуцінскага рэжыму — падрыў заходніх інстытутаў і самога Захаду як супольнасці дэмакратычных краін. У той жа час Пуцін вельмі моцна залежыць і ад супрацоўніцтва з Захадам, і ад бізнесу на Захадзе.

Самым эфектыўным крокам было б забеспячэнне энергетычнай незалежнасці і паставак энерганосьбітаў без удзелу Расіі. Гэта было б сур'ёзным ударам, бо Расія трымаецца ў асноўным за кошт грошай за газ і нафту.

Другое — гэта тэрмінова ачысціць Захад ад уплыву расійскага капіталу, звязанага з Пуцінскім рэжымам. Я разумею, што асаблівага жадання рабіць гэта няма, бо грошы не пахнуць і на Захадзе прывыклі да расійскіх грошай, але без гэтага не вызваліцца ад уплыву Крамля. Гэта нават не санкцыі, а ачышчэнне Захаду ад брудных грошай паслугачоў пуцінскага рэжыму. Пачысціць трэба і цэнтры ўплыву ад набытых або укаранёных агентаў Пуціна.

Трэцяе — неабходна дапамагчы дэмакратыі ў нашым рэгіёне. Гэта азначае больш рашуча падтрымаць незалежнасць і дэмакратызацыю Украіны і дапамагчы дэмакратыі ў Беларусі. Нельга не заўважаць, што на тэрыторыі былога Савецкага Саюза існуе кааператыў дыктатараў, які мэтанакіравана дзейнічае супраць Захаду і члены якога звязаныя паміж сабой кругавой парукай.

— Якую пагрозу чацвёрты тэрмін Пуціна нясе непасрэдна для Беларусі?

— Для Беларусі пры рэжыме Лукашэнкі існуе небяспека рушыць услед шляхам Крыма. Гэта будзе найбольш лагічны варыянт для Пуціна. На тэрыторыі Беларусі ўжо дамінуюць расійская палітыка і расійскія медыі. Блакаванне сайта «Хартыя-97» найлепш дапамагае Пуціну ажыццяўляць свае планы ў дачыненні да Беларусі. І ніякі дыктатар, кшталту Лукашэнкі, абараніць наш суверэнітэт, нашу незалежнасць не ў стане.

Таму тут павінна быць адназначная падтрымка дэмакратычных сіл, адназначны ціск на рэжым Лукашэнкі з тым, каб у Беларусі адбыліся рэальныя выбары, а не такія, як арганізуюць у Расіі і Беларусі на сёння.

charter97.org