Азбука паліталогіі: Realpolitik vs. Business як звычайна

Адсылкі да традыцыйных каштоўнасцяў за апошнія гады ўжо паспелі сфарміравацца ў традыцыю. На жаль, аўтары гэтых адсылак не напружваюць сябе, па-першае, пералікам гэтых нашых традыцыйных каштоўнасцяў, а па-другое — тлумачэннем, якім чынам традыцыйныя каштоўнасці (напрыклад, хросны ход вакол храма, арганізаваны па прычыне засухі) у стане дапамагчы не адстаць ад свету. 

Ілюстрацыйная выява, архіў НЧ

Ілюстрацыйная выява, архіў НЧ


У Турцыі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Адбыліся яны ў два туры. Чалавеку з жыццёвым вопытам, які быў набыты ў Беларусі, паверыць у такое няпроста.
Эрдаган займаў вышэйшую дзяржаўную пасаду са жніўня 2014 года. Далёка не хлопчык у палітыцы. І такі ляп! Чым ён займаўся дзевяць гадоў, калі так і не здолеў арганізаваць у патрэбны час у патрэбным месцы патрэбны ўзровень электаральнай падтрымкі? І гэта — у мусульманскай краіне!
Перамогу ў першым туры складана назваць пераканаўчай. Бездапаможныя для дзейнага прэзідэнта 49,52% супраць 44,88% у яго суперніка! І справа не ў 0,48%, якіх не хапіла да перамогі. Справа ў няздольнасці выканаўчай улады пераадолець іх з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу. А якая ж ты ўлада, калі спатыкаешся аб некалькі дзясятых працэнта!
Прыкладная роўнасць галасоў, што былі аддадзеныя ў першым туры за кандыдатаў, — гэта не проста індыкатар расколу ў турэцкім грамадстве. Аднак, што значна горш, — гэта афіцыйнае прызнанне наяўнасці такога расколу.


Наступствы не прымусяць сябе доўга чакаць: таму, хто сказаў «а», давядзецца з часам прамаўляць усе літары палітычнага алфавіту. Гэта значыць, замест таго, каб выдаваць свае асабістыя пажаданні за волю адзінага народа, Эрдаган будзе вымушаны фарміраваць унутраны і знешні курс развіцця Турцыі шляхам узгаднення інтарэсаў розных сацыяльных груп грамадства. Іншымі словамі, ён павінен будзе адмовіцца ад ролі нацыянальнага лідара і ўзяць на сябе не ўласцівую для аўтарытарных кіраўнікоў ролю палітычнага лідара.
Да чаго гэта можа прывесці, добра відаць на прыкладзе так званых дэмакратычных краін на Захадзе. Але ж мы ведаем, што «нічога за гэтай “дэмакратыяй” не стаіць». Ніякай там дэмакратыі няма! Дзякуй Богу, мы ўжо ў гэтым пераканаліся. Мы бачылі, як дзейнічаюць у Амерыцы і што яны спрабуюць нам падсунуць» (глядзі матэрыялы сустрэчы з удзельнікамі 52-га пасяджэння Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў — удзельніц СНД).

«Стабільнасць — здольнасць сістэмы функцыянаваць, не змяняючы ўласную структуру, і знаходзіцца ў раўнавазе» (Вікіпедыя).


У якасці альфы і амегі сацыяльнай стабільнасці на прасторах СНД выступае прынцып нязменнасці ўлады. Да чаго прыводзіць невыкананне гэтага прынцыпу, дэманструе Украіна. Сёмы прэзідэнт за няпоўныя трыццаць гадоў! І што вы пасля гэтага хочаце?
Яшчэ адзін красамоўны прыклад — нядаўнія падзеі ў Казахстане. Цытую паводле згаданай вышэй крыніцы: «Там і ўнутраны элемент, як заўсёды. Проста ж на голым месцы не бывае. Заўсёды бывае нейкі ўнутраны элемент. Ёсць сілы, зацікаўленыя ў дэстабілізацыі, вяртанні да ўлады, яшчэ чагосьці. Але потым вакол гэтага ўнутранага элемента хутка замежныя спецслужбы ствараюць цэлую процьму гэтых элементаў, якія спрыяюць дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашых рэспубліках».

Аднастайнасць да агіднасці

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Турцыі, нягледзячы на нязначную розніцу галасоў (4,36%), не вывеў на вуліцы прыхільнікаў кандыдата, які прайграў. Чарговая «каляровая рэвалюцыя», насуперак шматлікім прагнозам, не адбылася. У чым прычына?
Куды падзеліся ўнутраныя элементы? Няўжо знешнія сілы, што пастаянна зацікаўленыя ў дэстабілізацыі, узялі паўзу? З якой гэта нагоды?
Прырода «каляровых рэвалюцый» нікім і нідзе так не асэнсоўвалася, як штатнымі інтэлектуаламі рэспублікі-партызанкі. Ахвочым азнаёміцца з дэталямі рэкамендую пагугліць пра «Аналітычны цэнтр ЕСООМ. Міжнародны аналітычны праект «прысмак каляровых рэвалюцый».
Няма лепшага спосабу стаць сапраўдным патрыётам беларускай мадэлі, чым узбагачэнне сваёй памяці ведамі ўсіх тых багаццяў, што выпрацавалі спецыялісты цэнтра і яго паплечнікі, якія да іх далучыліся.
Прапаную і вам дакрануцца да гэтых багаццяў. Слова старшыні праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства «Веды» Вадзіму Гігіну: «Цяперашняя структура эканомік і развіццё грамадства прывялі да фарміравання транснацыянальных карпарацый, а ім нацыянальныя дзяржавы не патрэбныя, бо межы перашкаджаюць развіццю іх бізнесу».
Іншымі словамі, тое, што людзі прымалі за Realpolitik, па факце аказалася Business as usual. А чаго вы хацелі? Нездарма ж нам з раніцы да вечара паўтараюць мантру: эканоміка, эканоміка, эканоміка... «Галоўнае — уся аснова і падмурак — гэта эканоміка».
Business as usual патрабуе ўніфікацыі, прычым суцэльнай уніфікацыі. І для яе рэалізацыі пачынаючы з 1991 года транснацыянальныя карпарацыі наўзамен дактрыны мірнага існавання пачалі прапіхваць дактрыну прэвентыўнай дэмакратыі. «Носьбіты гэтай новай ідэалогіі аднастайныя да агіднасці: усе яны апантана вераць у тое, што традыцыйная сістэма каштоўнасцяў, як і сістэма традыцыйных дзяржаў, павінны спачыць у Бозе, на гэта і кідаюцца каласальныя рэсурсы» (доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк).

Іншая стратэгія

Кола замкнулася. Прынцып Business as usual з яго зацыкленасцю на прыбытку запатрабаваў укаранення новай ідэалогіі. Ох, не хлебам адзіным жывы чалавек, ох, не хлебам!..
Новая ідэалогія адмаўляе традыцыйныя — у тым ліку традыцыйныя для Еўропы — каштоўнасці. Яна патрабуе пагалоўнага ўбудавання ў свет, які глабалізуецца і ў якім кожнаму народу вызначана пэўная ніша.
Але не на тых, як гаворыцца, нарваліся. Дам слова намесніку міністра інфармацыі РБ Ігару Бузоўскаму: «Існуе і іншая стратэгія — не сляпое выкарыстанне шаблонаў глабальнага свету, што навязваюцца звонку, а імкненне будаваць дзяржаву з безумоўнымі нацыянальнымі інтарэсамі на чале, з інтарэсамі простых людзей, якія стагоддзямі фарміравалі ўласныя каштоўнасці і захоўвалі іх».
Іншая стратэгія — наш шчыт, супрацьтанкавы роў, міннае поле, закліканыя абараніць ад сучаснасці беларускую мадэль з яе прынцыпам нязменнасці ўлады.
***Адсылкі да традыцыйных каштоўнасцяў за апошнія гады ўжо паспелі сфарміравацца ў традыцыю. На жаль, аўтары гэтых адсылак не напружваюць сябе, па-першае, пералікам гэтых нашых традыцыйных каштоўнасцяў, а па-другое — тлумачэннем, якім чынам традыцыйныя каштоўнасці (напрыклад, хросны ход вакол храма, арганізаваны па прычыне засухі) у стане дапамагчы не адстаць ад свету, які фарміруюць транснацыянальныя карпарацыі. А такую задачу ніхто не адмяняў, што і было пацверджана на пленарным пасяджэнні II Еўразійскага эканамічнага форуму ў Маскве.