Беларусь спрабавала зняць з парадку дня ААН галасаванне па Крыме
Крымскататарская карэспандэнтка Эмінэ Джэпар расказала пра спробу прадстаўнікоў Беларусі прадухіліць галасаванне ў камітэце Генасамблеі ААН, якая вывучае праблемы правоў чалавека, па праекце рэзалюцыі з прычыны парушэння правоў чалавека Расіяй у Крыме, піша dialog.ua.
Аднак унесеная Беларуссю прапанова не разглядаць чатыры рэзалюцыі, у тым ліку і ўкраінскую, не прайшла. 101 краіна выступіла супраць.
Як стала вядома, Камітэт Генасамблеі ААН па сацыяльных і гуманітарных пытаннях прыняў прапанаваны Украінай праект рэзалюцыі, у якім асуджаюцца парушэнні правоў чалавека з боку «расійскіх акупацыйных уладаў» на тэрыторыі Крыма і Севастопаля.
За рэзалюцыю ў аўторак, 15 лістапада, прагаласавалі 73 дэлегацыі, 76 устрымаліся і 23 выказаліся супраць, перадае Радыё ААН.
Расійскі бок заявіў, што прадстаўлены ўкраінскай дэлегацыяй праект не мае нічога агульнага з «рэальнай сітуацыяй у Крыме» і не адлюстроўвае меркаванне жыхароў паўвострава.
Паводле nn.by