BYP*L заявіў аб зборы інфармацыі для падрыхтоўкі да плана «Перамога». Што гэта значыць?

У тэлеграм-канале аб'яднання былых сілавікоў з'явілася паведамленне аб зборы інфармацыі. Але якой менавіта, не ўдакладняецца, фармулёўкі вельмі размытыя. «Люстэрк*» спытала ў Аляксандра Азарава, прадстаўніка Кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку, што гэта азначае.

azarau.jpeg

У паведамленні было пазначана:
«Збор інфармацыі, здольнай аказаць дапамогу ў справе вяртання законнасці і правапарадку ў краіне, захавання яе незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, аднаўлення справядлівасці і роўнасці».
«Любая драбніца інфармацыі можа стаць, у выніку, апошнім пазлам, здольным дапоўніць поўную карціну болевых кропак рэжыму і яго ўразлівасцяў», — гаворыцца ў паведамленні ад BYP*L.
Таксама аб'яднанне заяўляе, што гарантуе ананімнасць крыніцам інфармацыі і абавязваецца выкарыстоўваць яе «выключна ў мадыфікаваным выглядзе». Ніякай іншай канкрэтыкі няма.
— Гэта інфармацыя, якая тычыцца ўсяго, што нам можа дапамагчы перамагчы рэжым, — заявіў Азараў. — Напрыклад, інфармацыя аб расійскіх вайскоўцах у Беларусі. Інфармацыя аб падрыхтоўцы Беларусі да вайны, разведвальная інфармацыя, інфармацыя з розных праваахоўных органаў. Інфармацыя, якая паказвае злачыннасць рэжыму.
Па словах Азарава, паведамленні ўжо сталі паступаць у чат-бот. Ці не баіцца BYP*L, што ім могуць дасылаць даныя дзейныя сілавікі, каб дэзарыентаваць?
— Вядома, сілавікі будуць дасылаць фэйкавую інфармацыю. Але мы будзем старацца ўсё правяраць, — абяцае Азараў. — Частка інфармацыі будзе для аператыўнага выкарыстання і застанецца ў таямніцы. Частку, якую можна апублічыць, мы размесцім у нашым тэлеграм-канале.
На пост BYP*L тэлеграм-канал, звязаны з ГУБАЗіКам, ужо адрэагаваў заўвагай аб тым, што «гатовы выявіць» удзельнікаў, якія засталіся ў Беларусі, і папярэдзіў аб крымінальнай адказнасці за адпраўку інфармацыі ў бот BYP*L. Азараў лічыць, што на гэта не варта зважаць.


— Гэта іх праца — так казаць, — тлумачыць ён. — Таму мы забяспечваем ананімнасць інфарматараў, мы не будзем публікаваць інфармацыю, якая можа нашкодзіць крыніцы. Паўтаруся, мы будзем даваць у эфір толькі інфармацыю, якую можна даваць.
Ці значыць гэта, што план «Перамога» пераходзіць ужо ў нейкую актыўную фазу?
— Гэта падрыхтоўка да запуску плана. Гэта наступны такі элемент, — тлумачыць Азараў.
Між тым яшчэ ў кастрычніку ў эфіры афіцыйнага ТБ выйшаў сюжэт, у якім Азаронак распавёў, што нібыта яшчэ год таму ўкараніўся ў план «Перамога», атрымліваў заданні і нават грошы за іх выкананне. Аляксандр Азараў назваў апавяданне Рыгора Азаронка фантазіямі і паведаміў, што такіх заданняў яму ніхто не даваў, бо ў іх няма сэнсу. Акрамя таго, паводле яго слоў, ніхто з удзельнікаў плана «Перамога» не быў раскрыты з-за дзеянняў прапагандыста.
Нагадаем, 4 кастрычніка Аб'яднаны пераходны кабінет заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту плана «Перамога». А праз 10 дзён, падчас аб'яўлення контртэрарыстычнай аперацыі ў краіне, з'явіліся паведамленні пра нібыта яго старт. Аляксандр Азараў назваў гэтыя паведамленні фэйкавымі і растлумачыў, як менавіта стартуе план «Перамога».