«Цар добры, баяры кепскія». Чыноўнікі ў Беларусі будуць праходзіць абавязковы медагляд. Усе, акрамя Лукашэнкі

З 1 студзеня 2023 года ўсе чыноўнікі, якія прэтэндуюць на кіруючыя пасады, павінны будуць праходзіць медагляд. Лукашэнкі ў спісе абавязаных няма.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

22 снежня Нацыянальны прававы партал pravo.by апублікаваў Указ №436 «Аб медыцынскім аглядзе кіруючых кадраў». Згодна з гэтым указам, кандыдаты на кіруючыя пасады і тыя, хто ўжо іх займае, павінны будуць праходзіць абавязковы медагляд. Для гэтага на базе «Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра», які належыць Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі, ствараецца спецыяльная міжведамасная камісія.

Адказнай за выкананне ўказа прызначаная Адміністрацыя Лукашэнкі.

У пераліку пасад, кандыдаты на якія павінны праходзіць абавязковы медагляд, самая высокая — пасада прэм'ер-міністра, і ні слова не гаворыцца пра пасаду прэзідэнта краіны.


З чым звязаны гэты ўказ, не тлумачыцца, а дзяржаўная прапаганда пра яго маўчыць. Верагодна, такія меры прынятыя пасля шэрагу раптоўных смерцяў «дзяржаўных мужоў»: былога міністра замежных спраўУладзіміра Макея, прапагандыстаМікалая Шчокіна і гендырэктара Беларускага дзяржаўнага моладзевага тэатра Віктара Старавойтава, а таксама пасля трапляння ў рэанімацыю старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы.