Ці будзе ў міграцыйным крызісе яшчэ і латвійскі перыяд?
Пачатак латвійскага этапу? Сацыёлаг Генадзь Коршунаў у сваім тэлеграме «Што думаюць беларусы» разважае пра адметнасці міграцыйнага крызісу на межах ЕС, які наўрад ці ў хуткім часе закончыцца.

На мінулым тыдні мы пісалі, што, хутчэй за ўсё, да свайго фіналу блізіцца «польскі этап» у міграцыйным крызісе на беларускіх межах. Але сам крызіс пакуль не заканчваецца.
Даныя па колькасці мігрантаў, затрыманых на межах Беларусі з Еўрасаюзам цягам мінулага тыдня, спраўджваюць наш той тэзіс.
На польскім напрамку з 13 па 19 снежня было завернута ўсяго 406 чалавек, што сталася абсалютным мінімумам за ўвесь час крызісу. Нагадаем, раней лічбы парушэнняў на беларуска-польскай мяжы складаліся з тысячаў нават спроб, а не чалавек. А спробы звычайна былі шматлюднымі, калі за раз мяжу намагаліся перасекчы сотні нелегальных мігрантаў.
Дарэчы, на беларуска-літоўскай мяжы таксама было надзвычай амаль ціха – тры дні запар літоўскія памежнікі рапартавалі пра адсутнасць правапарушальнікаў, а за тыдзень было завернута да Беларусі меней за 60 чалавек.

Затое мы маем гістарычны максімум на беларуска-латвійскай мяжы – за тыдзень на тэрыторыю Латвіі не дапусцілі 435 чалавек. Гэта рэкорд для Латвіі. Мінулы максімум прыпадаў на апошні тыдзень жніўня і складаў 273 чалавекі. Адзначым, што перад мінулым тыднем паступовы рост колькасці мігрантаў ішоў яшчэ з сярэдзіны лістапада…
Так што, спадарства, будзе ў міграцыйным крызісе яшчэ і латвійскі перыяд?