Ціханоўская пачала візіт у Чэхію, каб скасаваць «антыбеларускі» закон

Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Чэхіі з 10 па 12 траўня. Яна хоча паставіць пытанні аб дапамозе Беларусі, аб легалізацыі і адукацыі для беларускіх уцекачоў.

51400610779_3a9dbfa531_k_s9ons.jpg


Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, яна сустрэнецца з прэзідэнтам Чэхіі Мілашам Земанам, прэм’ер-міністрам Пятром Фіялам, старшынёй палаты дэпутатаў парламента Маркетай Пекаравай, старшынёй Сенату Мілашам Выстрчылам, міністрам замежных спраў Янам Ліпаўскім, мэрам Прагі Здэнекам Гржыбам, міністрам унутраных спраў Вітам Ракушанам і міністрам у справах адукацыі, моладзі і спорту Пятром Гаждыкам.

Ціханоўская падчас перамоваў паставіла сабе задачы:

  • Вырашыць пытанні легалізацыі/міграцыі/вучобы беларусаў у Чэхіі;
  • Данесці да грамадзян Чэхіі, што беларускі народ змагаецца ў гэтай вайне супраць двух дыктатараў — Лукашэнкі і Пуціна — на баку Украіны;
  • Дамагчыся выключэння беларусаў з закону аб адказнасці Расіі і рэжыму Лукашэнкі за вайну ва Украіне;
  • Захаваць фокус на Беларусі ў парадку дня Еўрапейскага саюза, дзе Чэхія пачынае сваё старшынства.

Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі абмяркуе сітуацыю ў камітэце замежных спраў парламенту Чэхіі, выступіць на штогадовых Еўрапейскіх дыялогах імя Вацлава Гавела ў Карлавым універсітэце, прамовіць прывітальнае слова перад пачаткам паказу фільма «Калі кветкі не маўчаць», прыме ўдзел у дыскусіі ў рамках канферэнцыі Forum 2000, сустрэнецца з дыяспарай і дасць інтэрв'ю чэшскім і міжнародным СМІ.

Сустрэча з дыяспарай пройдзе 11 траўня з 19.30 да 20.30 па адрасе: Прага, Klementinum.

Прычынай для тэрміновага візіту стаў праект закона, які распрацоўваецца ў Чэхіі, і можа зрабіць міграцыю беларусаў у гэтую краіну немагчымай.