Чэхія афіцыйна ўвайшла ў Савет ААН па правах чалавека замест Расіі
Генасамблея ААН абрала Чэхію чальцом Савета па правах чалавека замест Расіі, сяброўства з якой у гэтым органе было прыпынена за вайну супраць Украіны.
«Генеральная Асамблея ААН абрала Чэхію на месца ў Савеце правоў чалавека, вызваленае Расіяй у красавіку 2022 года. Чэшская Рэспубліка будзе захоўваць за сабой гэтае месца да 31 снежня 2023 года», — паведаміла АФН са спасылкай на прэс-службу Савета па правах чалавека.
У МЗС Чэхіі адзначылі, што скарыстаюцца гэтай магчымасцю для прасоўвання і абароны правоў чалавека.
Нагадаем, 7 красавіка Генеральная Асамблея ААН падтрымала рэзалюцыю аб прыпыненні сяброўства Расійскай Федэрацыі ў Савеце ААН па правах чалавека. Гэта з'яўляецца максімальным узроўнем пакарання ў Савеце па правах чалавека — выключыць дзяржаву немагчыма. Аднак у выніку гэтага РФ была пазбаўленая ўсіх працэдурных правоў, якімі валодаюць чальцы Савета. Пры гэтым Расію ў галасаванні не падтрымала ніводная дзяржава Еўропы.
Адразу пасля такога выніку Расія заявіла пра «добраахвотны выхад» са складу Савета ААН па правах чалавека.