Ціханоўская праводзіць перамовы з кіраўніцтвам ЕС
Святлана Ціханоўская правядзе шэраг перамоваў з кіраўніцтвам ЕС. Яны адбудуцца сёння ўвечары ў штаб-кватэрах Еўрапейскай Рады і Еўракамісіі ў Брусэлі.
Першай заяўлена сустрэча з кіраўніком Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен. Як паведамляе офіс Ціханоўскай, бакі абмяркуюць развіццё адносін Беларусі і ЕС цяпер і пасля сыходу Лукашэнкі. Адзначаецца, што ў траўні фон дэр Ляен заявіла Ціханоўскай аб зацвярджэнні Плана дапамогі ЕС для дэмакратычнай Беларусі сумай 3 мільярды еўра, адзначае REFORM.by.
Таксама Ціханоўская правядзе перамовы з прэзідэнтам Еўрапейскай Рады Шарлем Мішэлем. Яны абмяркуюць удзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве і стратэгію Еўрасаюза па Беларусі.
Пасля адбудзецца шматбаковая сустрэча высокага ўзроўню пад старшынствам вярхоўнага прадстаўніка па знешняй палітыцы ЕС Жазэпа Барэля паміж дэмсіламі Беларусі і міністрамі краін ЕС. У ёй таксама возьме ўдзел Шарль Мішэль.
Паведамляецца, што Барэль ладзіць сустрэчу напярэдадні саміту Усходняга партнёрства, каб узгадніць фармат удзелу беларускай грамадзянскай супольнасці ва Усходнім партнёрстве і іншых праграмах ЕС.
Разам з Ціханоўскай дэмакратычныя сілы Беларусі прадставяць Павел Латушка, адзін з лідараў беларускай нацыянальнай платформы Андрэй Ягораў, прадстаўнік каманды Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў, прадстаўнікі «Вясны», медыя, бізнес-супольнасці і дыяспар.
Таксама на сустрэчы абмяркуюць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў падрыхтоўцы пераходнага перыяду ў Беларусі, каб мінімізаваць памылкі; магчымыя сцэнары пачатку нацыянальнага дыялогу аб новых выбарах; дапамогу Беларусі ў распрацоўцы эканамічных і сацыяльных рэформаў пасля правядзення свабодных выбараў.