Дзяржсакратар ЗША назваў дзеянні рэжыму Лукашэнкі «нахабнымі і шакавальнымі»

Энтані Блінкен заклікаў не мірыцца са сваволяй Лукашэнкі і заявіў, што Злучаныя Штаты ўжо ўзгадняюць далейшыя крокі са сваімі партнёрамі, піша «Радыё Свабода».

e8441dcc_ac88_4926_9a00_d34fe325187e_w1023_r1_s.webp

Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Энтані Блінкен пракаментаваў здарэнне з лайнерам «Афіны — Вільня» 23 траўня, які прымусова з прымяненнем вайсковага знішчальніка пасадзілі ў Мінску, каб затрымаць журналіста Рамана Пратасевіча.
«Мы моцна асуджаем нахабныя і шакавальныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі для перанакіравання камерцыйнага палёту і арышту журналіста. Патрабуем міжнароднага расследавання і ўзгадняем з нашымі партнёрамі наступныя крокі. Злучаныя Штаты разам з народам Беларусі», — паведаміў Блінкен у Твітары.


Разам з Раманам затрымалі і яго дзяўчыну Сафію Сапега, якая таксама ляцела гэтым рэйсам. Дагэтуль нічога не вядома, у якім яны стане і дзе іх утрымліваюць улады. Бацька Пратасевіча, вайсковец у адстаўцы, зыходзячы са свайго досведу, выказаў упэўненасць, што спецслужбы Беларусі дзейнічалі не адны.
Падзеі 23 траўня ў Беларусі выклікалі моцную міжнародную рэакцыю. Беларускія палітыкі — праціўнікі Лукашэнкі Павел Латушка і Святлана Ціханоўская запатрабавалі ад міжнароднай супольнасці пераходу ад слоў занепакоенасці да канкрэтных дзеянняў.
У Мінску ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» пазапланава сеў самалёт «Афіны — Вільня», пілоты падалі аварыйны сігнал, бо ім паступіла паведамленне пра бомбу на борце. На распараджэнне Лукашэнкі дзеля суправаджэння гэтага самалёта ў неба паднялі вайсковы знішчальнік МіГ-29.
У час атрымання паведамлення самалёт быў ля самай мяжы з Літвой, аэрапорт прызначэння быў для яго найбліжэйшым пунктам пасадкі, аднак замест гэтага ён скіраваўся ў Мінск. Экіпаж пры гэтым нічога не патлумачыў пасажырам. Пазней стала вядома, што паведамленне экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў.
Шэраг палітычных дзеячаў назваў дзеянні рэжыму Лукашэнкі «міжнародным тэрактам» і патрабуе пакараць яго за парушэнне ўсіх прынцыпаў ажыццяўлення і забеспячэння палётаў грамадзянскай авіяцыі. Генеральная пракуратура і паліцыя Літвы пачалі захады ў сувязі з інцыдэнтам з самалётам «Ryanair», старт далі двум дасудовым расследаванням: у сувязі з захопам самалёта і з прымусовай пасадкай.
Раману Пратасевічу 26 гадоў. Як журналіст ён некалькі гадоў супрацоўнічаў з беларускімі выданнямі. Пазней далучыўся да тэлеграм-канала «Nexta», быў там галоўным рэдактарам. На момант затрымання працаваў у камандзе тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга», які раней адміністраваў блогер Ігар Лосік.
Рамана Пратасевіча, як і заснавальніка NEXTA Сцяпана Пуцілу, рэжым Лукашэнкі абвясціў у міждзяржаўны вышук. Пратасевіча і Пуцілу абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, — арт. 293, арт. 342, а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Іх унеслі ў так званы «спіс тэрарыстаў», які афіцыйна называецца «Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».