Еўрасаюз заклікаў UNESCO адрэагаваць на пагаршэнне сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі

Еўрапейскі Саюз заклікаў UNESCO адрэагаваць на пагаршэнне сітуацыі са свабодай выказвання думак і свабодай прэсы ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, перадае БелаПАН.

1599729145_1.jpg

«Мы настойліва заклікаем UNESCO як агенцтва ААН з асаблівым мандатам абараняць свабоду выказвання думак і свабоду друку, адрэагаваць на далейшае пагаршэнне сітуацыі ў галіне права на свабоду выказвання думак і свабоды друку, асабліва ў дачыненні да журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ўсіх асоб, якія жадаюць свабодна выказваць сваё меркаванне, у Беларусі пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году», — падкрэсліваецца ў заяве.

У ёй адзначаецца, што беларускія ўлады працягваюць агрэсіўны пераслед беларускіх і замежных журналістаў і работнікаў СМІ, якіх рэгулярна запалохваюць і адвольна затрымліваюць.

«Мы таксама асуджаем адмову ў праве на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне і свабоду мірных сходаў як у сетцы, так і па-за ёй, сістэматычнае і вартае шкадавання абмежаванне доступу да інфармацыі, адключэнне інтэрнэту і ўзмацненне жорсткасці абмежаванняў для незалежных СМІ з боку беларускіх уладаў», — гаворыцца ў заяве.

ЕС заклікае ўлады Беларусі спыніць парушэнні правоў чалавека і асноўных свабод, уключаючы свабоду СМІ, і выконваць вяршэнства закона. А таксама заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх журналістаў і работнікаў СМІ, якія ўтрымліваюцца пад вартай або адбываюць турэмнае зняволеньне проста за выкананне сваёй працы і рэалізацыю сваіх правоў.

ЕС працягвае падтрымліваць «законны заклік беларускага народа паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды, уключаючы свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне, інфармацыі, свабоду сходаў і асацыяцый, а таксама свабоду сродкаў масавай інфармацыі, і вітае тых, хто працягвае адстойваць свае правы».

Адзначаецца, што ў нядаўнім лісце генеральнаму дырэктару UNESCO Адры Азулай Еўрапейскі Саюз падкрэсліў, што арганізацыя павінна адыгрываць сваю важную ролю ў абароне журналістаў ва ўсім свеце.

«У адпаведнасці з нядаўнім пасланнем генеральнага дырэктара з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы мы заклікаем UNESCO гучна і выразна выказвацца па гэтым пытанні, публічна пацвярджаючы сваю абсалютную падтрымку свабоды выказвання думак і абароны журналістаў у Беларусі», — падкрэсліваецца ў заяве ЕС.

UNESCO — арганізацыя пры ААН, якая адказвае за міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі і навукі. Створаная ў 1945 годзе, штаб-кватэра размяшчаецца ў Парыжы. Налічвае 193 дзяржавы-члены, дзьве дзяржавы-назіральніцы і дзесяць асацыяваных членаў.

Мэты — садзейнічанне ўмацаванню міру і бяспекі за кошт пашырэння супрацоўніцтва дзяржаў і народаў у галіне адукацыі, навукі і культуры; забеспячэнне справядлівасці і захавання законнасці, усеагульнай павагі правоў і асноўных свабод чалавека, абвешчаных у Статуце ААН, для ўсіх народаў, без адрознення расы, полу, мовы, арыентацыі або рэлігіі.