Гамельчукі патрабуюць праверыць супрацоўнікаў АМАПа на дэтэктары хлусні

Адпаведная заява накіравана начальніку абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Уладзіміру Захарчуку.

detect.jpeg

Паўтара дзясятка жыхароў Гомеля, якія прысутнічалі на судзе па абвінавачванні прадстаўніка незалежнага прафсаюзу РЭП Віктара Казлова ў дробным хуліганстве, накіравалі начальніку абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Уладзіміру Захарчуку заяву пра здзяйсненне правапарушэнняў з боку супрацоўнікаў міліцыі. Пра гэта распавёў праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка:

«У заяве я і іншыя падпісанты ўказалі, што 4 красавіка прысутнічалі ў судзе Гомельскага раёну і чулі, як супрацоўнікі АМАПу Аляксандар Сярдзюк, Раман Курбатаў і Аляксандар Саўчанка, папярэджаныя судом пад подпіс пра адказнасьць за даванне непраўдзівых паказанняў, ілжэсведчылі супраць Віктара Казлова. Іншымі словамі, учынілі адміністрацыйнае правапарушэнне паводле артыкулу 24.4 КаАП».

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

У пацвярджэнне заяўнікі ўказалі, пра што менавіта згаданыя амапаўцы сведчылі ў судзе: уранку 25 сакавіка, едучы на службовай аўтамашыне па вуліцы ў вёсцы Цярэшкавічы, чулі, як Віктар Казлоў «гучна лаяўся матам, на заўвагі не рэагаваў, пры затрыманні аказаў супраціў».

Ілжэсведчанні абвяргаюцца медычнымі заключэннямі, якія прафсаюзны актывіст падаў суду: пасля аперацыі на выдаленне часткі лёгкага 67-гадовы Віктар Казлоў размаўляе толькі шэптам.

Віктар Казлоў

Віктар Казлоў

Ад імя грамадскасці падпісанты заяўляюць, што амапаўцы Сярдзюк, Курбатаў і Саўчанка ўчынілі грамадзка-небяспечнае адміністрацыйнае правапарушэнне і, паводле закону «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь», паводле сваіх маральна-псіхалагічных якасцяў не маюць права знаходзіцца на службе ў міліцыі.

Заяўнікі патрабуюць адхіліць згаданых супрацоўнікаў АМАПа ад выканання службовых абавязкаў з тым, каб яны не ўчынілі новых правапарушэнняў, а таксама правесці ў дачыненні да іх службовую праверку на дэтэктары хлусні і такім чынам вызначыць іх маральна-псіхалагічныя якасці. Па выніках праверкі вырашыць, ці мэтазгодна працягваць ім службу ў органах унутраных спраў.

Леанід Судаленка дадае, што Аляксандар Сярдзюк яшчэ ў 2014 годзе «засвяціўся» ў лжэсведчанні ў дачыненні да гомельскага маладафронтаўца Андруся Цянюты, які таксама быў абвінавачаны ў лаянцы і размахванні рукамі на пустой вуліцы апоўначы, літаральна за сотню крокаў ад свайго дому.

Тым часам разгляд адміністрацыйнай справы супраць Віктара Казлова, абвінавачанага амапаўцамі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні, мае быць працягнуты ў Гомельскім раённым судзе 13 красавіка.

Паводле Радыё Свабода