«Гавары праўду» за каардынацыю дэмсілаў
Рэспубліканскі савет «Гавары праўду» выступіў з заявай «Аб каардынацыі дэмакратычных сіл і альтэрнатыўных незалежных кандыдатаў на парламенцкіх выбарах».
«Гавары праўду» адзначае, што ўпершыню за 8 гадоў усе дэмакратычныя палітычныя партыі і рухі збіраюцца паўнавартасна ўдзельнічаць у выбарах. «Гавары праўду» прымала ўдзел ва ўсіх кампаніях з моманту свайго заснавання 6 гадоў таму. З улікам гэтага вопыту, мы распрацавалі некалькі прапаноў, як вырашыць галоўную праблему маючых адбыцца выбараў -- нізкую ўвагу да іх з боку грамадства».
«Гавары праўду» прапануе 4 галоўныя накірункі, якімі мусяць кіравацца ўсе незалежныя дэмакратычныя кандыдаты ў рамках акругі.
Па-першае, гэта правядзенне сумесных пікетаў па зборы подпісаў і агітацыі. Таксама правядзенне сумесных сустрэч з выбаршчыкамі: на сустрэчы з кандыдатамі ў парламент прыходзіць мала людзей. Змяніць гэта можна праз аб'яднанне намаганняў па запрашэнні людзей на сустрэчу і прэзентацыі на сустрэчы адразу некалькіх кандыдатаў.Акрамя таго, важна да дэбатаў на ТБ дамовіцца, як іх правесці, каб гледачам было выразна відаць, хто за перамены ў краіне, а хто будзе ў парламенце выконваць волю ўлады.
І апошняе: аб'яднанне намаганняў у назіранні за выбарамі. «Гавары праўду» тлумачыць, «для паўнавартаснага назірання ў акрузе трэба 90 назіральнікаў, 30 чалавек трэба накіраваць ва ўчастковыя камісіі. Калі яны будуць уключаны ў склад камісіі, то не змогуць потым ўдзельнічаць як валанцёры ў кампаніі кандыдата. Такой каманды не будзе ні ў аднаго кандыдата, а ў сумленным падліку галасоў зацікаўленыя ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты».
Аўтары заявы лічаць, што такі падыход дазволіць павялічыць грамадскую ўвагу да парламенцкай кампаніі ў кожнай канкрэтнай акрузе і пабудаваць паміж альтэрнатыўнымі кандыдатамі атмасферу супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння з захаваннем унікальнасці і праграмнай аўтаномнасці кожнага кандыдата.
Паводле паведамлення прэс-службы «Гавары праўду»